Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ БУДЗЕ РАСЕЯ ПЛАЦІЦЬ ЗА СВАЕ ВАЙСКОВЫЯ АБ’ЕКТЫ НА ТЭРЫТОРЫІ БЕЛАРУСІ?


Юры Сьвірко, Менск

Пасьля таго, як у Крамлі ў панядзелак было падпісанае пагадненьне аб статусе ды ўмовах знаходжаньня расейскай авіябазы на тэрыторыі Кыргыстану, міністар абароны Расеі Сяргей Іваноў заявіў, што “гэта першая і пакуль адзіная чыста расейская вайсковая база, якую мы адкрываем за 13 гадоў існаваньня Расейскай Фэдэрацыі”.

Аднак Беларускае дзяржаўнае тэлебачаньне з гэтым ня згоднае. У першым выпуску новай нядзельнай інфармацыйнай праграмы “Ў цэнтры ўвагі” вядучы заявіў, што пасьля пераходу на рынкавыя кошты газу ў беларуска-расейскіх дачыненьнях Масква, відавочна, павінна плаціць за свае базы на тэрыторыі Беларусі. Раней афіцыйны Менск тэрмінам “вайсковыя базы” не карыстаўся, і расейскія станцыі каля гарадоў Баранавічы й Вялейка называлі “вайсковымі аб’ектамі Расеі”.

Гэтак званы “Вузел Баранавічы”, які знаходзіцца бліжэй да Ганцавічаў, ёсьць радыёлякацыйнай станцыяй папярэджаньня аб ракетным нападзе. Паводле беларуска-расейскага пагадненьня ад 6 студзеня 1995 году, уся нерухомая маёмасьць і зямельны ўчастак “Вузлу Баранавічы” былі перададзеныя расейскаму боку ў карыстаньне на тэрмін 25 гадоў, прычым ніводзін падатак у беларускі бюджэт не бярэцца. Акрамя таго, Беларусь не бярэ грошы з расейскіх вайскоўцаў за выкарыстаньне беларускіх каналаў сувязі. На аналягічных умовах, таксама на 25 гадоў, было падпісанае пагадненьне пра станцыю каля Вялейкі, якая забясьпечвае сувязь Масквы з караблямі Вайскова-марскога флёту Расеі ўва ўсім сьвеце.

Цікава, што каля кыргыстанскай сталіцы Бішкеку таксама ёсьць станцыя расейскага ВМФ, падобная на вялейскую. Яе вайсковай базай таксама ня лічаць. А вось станцыя супрацьракетнай абароны ў Азэрбайджане мае статус базы. Баку прапаноўваў Маскве абмежаваць тэрмін арэнды гэтай станцыі трыма гадамі, але Расея настойвае на 20-гадовым тэрміне. Адметна, што азэрбайджанскія ўлады патрабавалі правесьці незалежную экалягічную экспэртызу, каб выявіць, ці сапраўды станцыя шкодзіць здароўю насельніцтва Азэрбайджану, і ў такім выпадку выплаціць грашовую кампэнсацыю.

Беларускія ўлады пра здароўе свайго насельніцтва ля Ганцавічаў не клапоцяцца нават на словах. Хаця пасьля газавага канфлікту з Расеяй гэта мажліва. Праўда, як паведаміла Лукашэнкава прэсавая сакратарка Натальля Пяткевіч, афіцыйна на перамовах Аляксандра Лукашэнкі з Уладзімерам Пуціным пытаньне пра плату за расейскія станцыі на беларускай зямлі не закраналі. Але былы кіраўнік Нацыянальнага банку Беларусі Станіслаў Багданкевіч кажа, што ў кулюарах афіцыйнага Менску пытаньне пра грошы за базы абмяркоўвалася часта.

(Багданкевіч: ) “Я памятаю, былі дыскусіі, былі нават разьлікі — спроба разьлічыць, колькі Беларусь магла б узяць за транзыт, за базы з Расеі, і якую цану мы павінны плаціць. Група людзей у “Заслаўі” сядзела й разьлічвала гэта ўсё. Мы параўноўвалі з той цаной, якую амэрыканцы плацяць на Філіпінах і гэтак далей. Але я ўжо забыўся гэтыя лічбы. Беларусь магла б атрымаць дзясяткі ці нават сотні мільёнаў даляраў. Хутчэй за ўсё, недзе сотні, але сказаць нечага канкрэтнага абсалютна не магу”.

Спадар Багданкевіч мяркуе, што й цяпер трэба сабраць адмыслоўцаў, каб яны падлічылі мажлівыя кошты й выдаткі.

За аналягічную баранавіцкай станцыю ў латвійскай Скрундзе, калі тая ўжо не працавала, Расея плаціла Латвіі 5 мільёнаў даляраў штогоду. Паводле намесьніка начальніка ўправы расейскага Міністэрства абароны ў справах вайсковага супрацоўніцтва з краінамі СНД генэрал-маёра Алега Латыпава, Кыргыстан бясплатна перадае аб’екты нерухомасьці на новай вайсковай базе. Але й кыргыстанскія лётчыкі будуць бясплатна вучыцца на гэтай базе. Беларускіх жа вайскоўцаў на аб’ектах ля Баранавічаў і Вялейкі няма.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG