Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Лукашэнка – гулец на расейскім полі?

Юры Дракахруст, Прага

Удзельнічаюць: Віктар Дзятліковіч, Барыс Макаранка, Андрэй Суздальцаў.

(Дракахруст: ) “На гэтым тыдні Аляксандар Лукашэнка меў тэлефонную гутарку з губэрнатарам Калінінградзкай вобласьці Расеі Ўладзімерам Ягоравым. Сп. Ягораў апроч іншага паведаміў суразмоўцу, што прэсавая канфэрэнцыя кіраўніка Беларусі для расейскіх рэгіянальных мэдыяў, што адбылася 1 жніўня, была шырока адлюстраваная ў сродках масавай інфармацыі вобласьці. Як бачым, Аляксандар Лукашэнка даведваецца пра розгалас па Расеі свайго слова нават праз кіраўнікоў рэгіёнаў. А магчыма, і губэрнатар Ягораў, улічваючы сапраўды шырокія сувязі вобласьці зь Беларусьсю, вырашыў, што добрае слова на адрас кіраўніка, які з такой увагай ставіцца да сваёй папулярнасьці, у любым выпадку не пашкодзіць.

На прэсавай канфэрэнцыі 1 жніўня прысутнічаў карэспандэнт “Калінінградзкай праўды”. Як паведамілі мне ў рэдакцыі газэты, яна сапраўды надрукавала два вялікія матэрыялы пра сустрэчу Лукашэнкі з журналістамі, плянуе выдаць яшчэ і трэці. Паводле словаў супрацоўнікаў “Калінінградзкай праўды”, некалькі чалавек тэлефанавалі ў рэдакцыю, дзякавалі за тое, што змаглі азнаёміцца з пазыцыяй беларускага кіраўніка зь першых вуснаў. На маё пытаньне, ці перадрукоўвалі сэнсацыйныя публікацыі пра прэсавую канфэрэнцыю беларускага кіраўніка іншыя калінінградзкія выданьні, калегі з “Калінінградзкай праўды” адказалі, што ў іх гэта не прынята – рынак, канкурэнцыя, жывіцца чужым эксклюзывам – рабіць шкоду марцы свайго выданьня.

Кіраўнік Беларусі спадзяваўся, што ягонае слова праз рэгіёны пойдзе па ўсёй Расеі. Ці атрымалася гэта? Гаворыць маскоўскі журналіст Віктар Дзятліковіч”.

(Дзятліковіч: ) “Я б не сказаў, што прэсавая канфэрэнцыя Лукашэнкі мела нейкі значны рэзананс, прынамсі, цэнтральныя расейскія тэлеканалы і газэты заўважылі толькі сам факт правядзеньня прэсавай канфэрэнцыі і заяву Лукашэнкі пра тое, што Калінінграду добра было б у складзе Беларусі. Ніякага ажыятажу вакол гэтай прэсавай канфэрэнцыі не было, я мяркую, што фэдэральныя СМІ проста не знайшлі падставы распавядаць пра гэтую падзею”.

(Дракахруст: ) “Пра матывы, якімі кіраваўся Аляксандар Лукашэнка, склікаючы да сябе 70 расейскіх рэгіянальных журналістаў, гаворыць намесьнік дырэктара расейскага цэнтру палітычных тэхналёгіяў Барыс Макаранка”.

(Макаранка: ) “З выступу Аляксандра Рыгоравіча зразумела, чаму ён зьвярнуўся да рэгіянальных журналістаў. Ён бачыць, што шляхі пранікненьня ў расейскую інфармацыйную прастору праз фэдэральныя тэлеканалы і праз большасьць агульнанацыянальных газэтаў для яго зачыненыя, таму ідзе ў абход, праз рэгіянальны друк. Я ня думаю, што такім чынам Лукашэнка спрабуе стварыць сабе нейкую палітычную папулярнасьць у Расеі.

Усе дасьледаваньні грамадзкай думкі паказваюць, што Лукашэнка ў Расеі ўспрымаецца як палітык маргінальны і чужы. Я б вылучыў некалькі магчымых мэтаў, якія перасьледаваў Луукашэнка, сустракаючыся з расейскімі журналістамі. Тое, што ён гаворыць, кладзецца на душу значнай частцы расейскіх палітыкаў і расейскіх партыяў, у першую чаргу КПРФ, але ня толькі яе адной. Гэтыя партыі ўступаюць у перадвыбарчую барацьбу. Для іх такая падтрымка з боку Лукашэнкі можа стацца ня вельмі значнай, але карыснай падтрымкай. Лукашэнка такім чынам мацуе свае сувязі з камуністамі, зь Селязьнёвым, якога ён наўпрост назваў сваім партнэрам. І Лукашэнка можа разьлічваць на тое, што гэтыя партыі будуць падтрымліваць ягоную лінію ў Расеі. Другая прычына – тое, што расейская інфармацыйная прастора ўплывае на беларусаў. На гэтай прэсавай канфэрэнцыі былі прадстаўнікі газэтаў памежных зь Беларусьсю вобласьцяў Расеі. Лукашэнка можа спадзявацца, што іх паведамленьні пра прэсавую канфэрэнцыю, так бы мовіць, "вернуцца" ў Беларусь і спрацуюць на яго. Нарэшце, яму трэба любымі сродкамі прасоўваць свой погляд на беларуска-расейскія адносіны. І для гэтага шлях праз рэгіянальны друк – таксама не наўпроставы, але бадай ці не адзіна магчымы”.

(Дракахруст: ) “На думку Віктара Дзятліковіча, разьлік Лукашэнкі на расейскі рэгіянальны друк быў вымушаны, але наўрад ці дакладны”.

(Дзятліковіч: ) “Мне падаецца, што найперш гэта было жаданьне Лукашэнкі ўвогуле патрапіць ў расейскія мэдыі са сваімі меркаваньнямі і поглядамі. Апошнім часам ён фактычна перастаў зьяўляцца на фэдэральных расейскіх тэлеканалах. Ходзяць чуткі, што ёсьць дамоўленасьць расейскіх уладаў з кіраўнікамі фэдэральных тэлеканалаў, што Аляксандра Рыгоравіча мусіць быць у эфіры як мага менш. Адзіная спроба атрымалася ў яго – гэта патрапіць у эфір НТВ. Але гэта было зьвязана з жаданьнем НТВ аднавіць працу свайго карпункту ў Менску. У сытуацыі, калі любыя спробы Лукашэнкі патрапіць у эфір цэнтральных телеканалаў ня мелі посьпеху, то адзіная магчымасьць для яго (ці яго у гэтым пераканалі) – гэта рэгіянальныя расейскія мэдыі. Але варта адзначыць, што рэгіянальныя мэдыі ня маюць значнага ўплыву на грамадзкую думку ў Расеі і Лукашэнка пайшоў неэфэктыўным шляхам. Але відавочна, што ён хацеў любым шляхам прыгадаць пра сябе, а то ў Расеі пра яго пачалі забываць”.

(Дракахруст: ) “У адрозьненьне ад Барыса Макаранкі і Віктара Дзятліковіча, беларускі палітоляг Андрэй Суздальцаў мяркуе, што прэсавая канфэрэнцыя Лукашэнкі для расейскіх рэгіянальных мэдыяў мела далёкасяжныя пляны, паводле сп. Суздальцава, гэта – заяўка ледзь не на Крэмль”.

(Суздальцаў: ) “На прэсавай канфэрэнцыі для расейскіх рэгіянальных мэдыяў Аляксандар Лукашэнка абвесьціў пра пачатак сваёй кампаніі па выбарах у Дзяржаўную Думу Расеі. Калі глядзець па яго адказах на пытаньні расейскіх журналістаў, беларускі прэзыдэнт лічыць, што далёка ня вычарпаў свой расейскі патэнцыял і гатовы, так бы мовіць, замяніць Пуціна. Паводле Лукашэнкі такая замена пайшла б на карысьць Расеі, паколькі ў “Валодзі”, як ён назваў расейскага прэзыдэнта, яўна не хапае волі. У Аляксандра Рыгоравіча з воляй усё ў парадку. Яе хапіла, каб абвесьціць Крамлю паўнамаштабную, пакуль палітычную, вайну. З адказаў кіраўніка Беларусі на прэсавай канфэрэнцыі часам стваралася ўражаньне, што Расея – гэта хаця пакуль і не беларуская калёнія, але і не дзяржава, а нейкае “дзікае поле”, на якім можна беспакарана пасьвіцца.

Аб крамлёўскіх марах жыхара Драздоў ў апошнія гады не казаў толькі лянівы. У яго разуменьні Крэмль – гэта лягічны працяг яго кар’еры. Беларускі прэзыдэнт абсалютна ўпэўнены ў сваіх правах на расейскі трон, які ў яго часова адабраў самазванец.

Зь сярэдзіны лета Лукашэнка канчаткова ператварыўся ў гандляра скандаламі. Антырасейская прапагандысцкая кампанія дасягнула мяжы, пасьля якой натуральным выглядаў бы гарматны абстрэл Пскова ці Смаленска. Праз кожны рэдакцыйны артыкул “Советской Белоруссии”, праз кожны зьдзек “пастскрыптумаўскіх” тэлемосек чутны нават ня голас, а крык Лукашэнкі: “Не сьмейце мяне не заўважаць! Зьвярніце на мяне ўвагу!” Не дапамагае”.

(Дракахруст: ) “На прыгаданай прэсавай канфэрэнцыі Лукашэнка, гаворачы пра тое, наколькі для яго важная пазыцыя Масквы ў пытаньні рэфэрэндуму пра трэці тэрмін, заявіў: “Мяне меркаваньне Масквы на гэты конт не цікавіць”. Але ці не было гэта звычайнай бравадаю? У шэрагу камэнтароў да прэсавай канфэрэнцыі выказвалася думка, што яна, як і ўсе іншыя апошнія крокі Лукашэнкі, была скіраваная на дасягненьне менавіта гэтай мэты – атрымаць ад Крамля дазвол на плебісцыт. Аднак, на думку расейскага палітоляга Барыса Макаранкі хвалявацца на гэты конт у Лукашэнкі сапраўды няма падставаў”.

(Макаранка: ) “Масква спакойна ставілася да таго, калі ў іншых пастсавецкіх краінах у Канстытуцыі ўносіліся папраўкі, якія дазвалялі прэзыдэнтам балятавацца на новыя тэрміны: Таджыкістан, Казахстан, Узбэкістан. Нехта можа запярэчыць, што там Азія, а тут Эўропа, але ня думаю, што гэта такая ўжо вялікая розьніца. Тое, што такія рэфэрэндумы сумнеўныя з пункту гледжаньня дэмакратыі – гэта відавочна. У Расеі вынясеньне такіх пытаньняў на рэфэрэндум проста забароненае канстытуцыйным законам. Але я ня думаю, што Масква будзе ствараць перашкоды правядзеньню такога рэфэрэндуму ў Беларусі і наўрад ці яна захоча гэта рабіць”.

(Дракахруст: ) “Да меркаваньняў сп. Макаранкі можна дадаць і сюжэты з гісторыі ўласна беларуска-расейскіх адносінаў: падтрымка з боку Расеі беларускага канстытуцыйнага рэфэрэндуму 1996 году пры Ельцыне і такая ж падтрымка, якую ўжо пуцінскі Крэмль аказаў Лукашэнку на апошніх прэзыдэнцкіх выбарах.

З другога боку, можна прыгадаць і леташнія “мухі і катлеты”, і інтэграцыйны скандал у леташнім жніўні, калі Пуцін прапанаваў Беларусі ўвайсьці ў Расею шасьцю губэрніямі, і газавую бойку мінулага году, калі “Газпрам” напачатку ацяпляльнага сэзону спыніў пастаўкі ў Беларусь таннага газу. Праўда, для ацэнкі сёньняшніх магчымасьці і жаданьня Расеі ўплываць на Беларусь варта ўлічваць кан’юнктурны момант – у Расеі ў разгары перадвыбарчая страда. Ня тое, што тэма інтэграцыі зь Беларусьсю цяпер там надта папулярная, але шчыра і адкрыта выкрываць хітрыкі беларускага інтэгратара – гэта пайсьці насуперак ўяўленьням масавай сьвядомасьці, што палітыкі звычайна безь вялікай патрэбы ня робяць.

Андрэй Суздальцаў згодны з тым, што сёньня Расея сапраўды занятая выбарамі і ня стане перашкаджаць рэфэрэндумным плянам беларускага кіраўніка. Аднак палітоляг падкрэсьлівае, што такое спрыяльнае становішча захаваецца толькі да пачатку прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі ў Расеі”.

(Суздальцаў: ) “Беларускі прэзыдэнт меў рацыю, калі казаў на прэсавай канфэрэнцыі, што яго зусім не цікавіць, як да гэтага паставіцца Масква. Масква сапраўды ня мае рэсурсаў супрацьстаяньня беларускаму рэфэрэндуму. Больш за тое, яе незадаволенасьць будзе выкарастаная толькі на карысьць Лукашэнку. Магчымыя санкцыі стануць сапраўдным падарункам “непахіснаму барацьбіту з расейскімі алігархамі”. Усю сёлетнюю зіму беларускі прэзыдэнт угаворваў Маскву дапамагчы яму з арганізацыяй рэфэрэндуму, прыкрыць ягоныя планы Канстытуцыйным актам саюзнай дзяржавы.У сакавіку ён атрымаў адназначны адказ, Пуцін даў зразумець, што гэта – унутраная беларуская справа і што Расея ў яе ўплішчвацца ня будзе, ня будзе ані спрыяць, ані перашкаджаць. З гэтага моманту Лукашэнка ўжо і не хаваў нянавісьці да расейскага прэзыдэнта. У ліпені Лукашэнку стала зразумела – ён спазьняецца з рэфэрэндумам. Да старту прэзыдэнцкай гонкі ў Расеі засталося паўгоду. Патрапіць пад пуцінскі электаральны цягнік рызыкоўна. Яму б рэфэрэндумам займацца, а тут выбары ў Дзярждуму, дзе Лукашэнку адведзеная важная роля агента ўплыву”.

(Дракахруст: ) “Віктар Дзятліковіч мяркуе, што Масква ня будзе перашкаджаць плянам Лукашэнкі працягнуць ягоны палітычны век і перад усялякімі расейскімі выбарамі, і пасьля іх. І прычына тут – нават не ў адсутнасьці сурьёзных рычагоў уплыву”.

(Дзятліковіч: ) “Я ня думаю, што заява Лукашэнкі – гэта бравада. Ён разумее, і гэта ў Расеі гавораць усе назіральнікі, што пазыцыя Расеі вызначаная і яна ня будзе мяняцца. Лукашэнка ня вельмі падабаецца Расеі, але пакуль расейская ўлада ня бачыць у Беларусі чалавека, зь якім яна магла б весьці справы. І пакуль такога чалавека Масква ня знойдзе ці яе ня ўпэўняць, што такі чалавек ёсьць, яна будзе калі не падтрымліваць Лукашэнку, то прынамсі заплюшчваць вочы на парушэньні законаў і на ягоныя пляны абрацца на трэці тэрмін і правесьці рэфэрэндум, каб узаконіць гэта. Лукашэнка не баіцца, што Масква яго не прызнае, таму і выступае з такімі заявамі”.

(Дракахруст: ) “Калі Віктар Дзятліковіч мае рацыю, калі чарговых “мухаў і катлетаў” з боку Крамля не прадбачыцца, то атрымліваецца, што гульня на расейскім полі робіцца для Лукашэнкі, як і ў часы Ельцына, бяспройгрышнай. Праўда, ёсьць адно істотнае адрозьненьне – сама па сабе беларуская тэма і беларускі кіраўнік робяцца для расейскай палітычнай эліты і для расейскай грамадзкай думкі ўсё менш цікавымі. Нездарма на сваёй прэсавай канфэрэнцыі для расейскіх журналістаў Аляксандар Лукашэнка скардзіўся на тое, што праект Канстытуцыйнага акту пакладзены ў даўгую скрыню. Гаворыць Андрэй Суздальцаў”.

(Суздальцаў: ) “Безумоўна, беларускі прэзыдэнт ускочыў на каня расейскіх выбараў. Ён дакладна, паводле вызначанага пляну, выконвае свае абавязкі па ўварваньні на расейскую палітычную прастору. Ён упэўнены, а дакладней, яго ўпэўнілі, што Пуцін зараз слабы і знаходзіцца ў абароне. Паводле перадвыбарчай стратэгіі расейскіх левых на думскіх і прэзыдэнцкіх выбарах, асноўны ўдар па фэдэральнай уладзе будзе нанесены менавіта ў рэгіёнах. Беларускі прэзыдэнт нарэшце зразумеў, што інтэграцыйны фактар для Расеі не зьяўляецца вечнай катэгорыяй. Зараз кіраўнік Беларусі раптам убачыў, што стаў для Расеі нецікавым, але прызнацца самому сабе, што сам сябе перайграў, ён ня ў стане. Спробы любой цаною прарвацца на расейскі палітычны рынак для Лукашэнкі – пытаньне жыцьця і сьмерці. Пуцін дакладна адчуў слабае месца беларускага прэзыдэнта – Аляксандар Рыгоравіч панічна баіцца ізаляцыі ад расейскага палітычнага бамонду. 1 жніўня Лукашэнка ня толькі прадэманстраваў, што вядзе адкрытую вайну супраць расейскага фэдэральнага цэнтру, ён таксама ня супраць і ўзначаліць палітычны паход, паколькі ня лічыць сябе чужым на расейскім палітычным полі”.

(Дракахруст: ) “І напрыканцы – тэма, здаецца, наўпрост зь Беларусьсю не зьвязаная. Зараз расейская генэральная пракуратура вядзе змаганьне з найбуйнейшай расейскай нафтавай кампаніяй “Юкас” і яе кіраўніком Міхаілам Хадаркоўскім. Паводле меркаваньняў экспэртаў і палітыкаў, за пракуратураю ў гэтым канфлікце стаяць пэўныя крамлеўскія колы, мэта якіх – зьнішчыць самастойнасьць расейскага буйнога бізнэсу.

Удзельнік нашай сёньняшняй перадачы – расейскі палітоляг Барыс Макаранка разам са сваімі калегамі Маркам Урновым і Ліліяй Шаўцовай выступіў на гэтым тыдні са зваротам, у якім папярэдзіў, што справа “Юкаса” ёсьць шляхам да “лукашэнізацыі” Расеі. Досьвед Беларусі, сапраўды, ужо настолькі выразны, што стаў устойлівым азначэньнем пэўнага варыянта разьвіцьця грамадзтва, на думку аўтараў звароту, не найлепшага. Але наколькі “лукашэнізацыя” сапраўды пагражае Расеі? Гаворыць Барыс Макаранка”.

(Макаранка: ) “Давайце вызначым, што такое лукашэнізацыя Расеі. Маецца на ўвазе падаўленьне любых аўтаномных суб'ектаў палітыкі і эканомікі, падпарадкаваньне іх жорсткай волі выканаўчай улады. Бачна, што любыя спробы асобаў як ва ўладзе, гэтак і ў бізнэсе сказаць нешта сваё, асобнае, адрознае ад меркаваньня Лукашэнкі, у Беларусі падаўляюцца. Зразумела, Расея ня можа дайсьці да беларускага ўзроўню. Нават самая справа “Юкаса”, з нагоды якой мы з калегамі напісалі ліст, сьведчыць пра тое, што ў Расеі суб'екты палітыкі і эканомікі маюць дастатковую свабоду дзеяньня. Яна недастатковая ў параўнаньні з разьвітымі заходнімі дэмакратыямі, але важны сам па сабе той факт, што эканамічныя інтарэсы заяўляюць пра сваю пазыцыю, пра свае палітычныя пляны, што ў Расеі існуюць парлямэнт, партыі і мэдыі. Кожны з гэтых інстытутаў вельмі недасканалы, але ў сваёй сукупнасьці яны робяць Расею непадобнай на Беларусь. Тэрмін лукашэнізацыя – гэта рытарычнае перабольшаньне, сведчаньне небясьпечнай тэндэнцыі, якая на погляд мой і маіх калегаў праявілася ў справе “Юкаса”.

(Дракахруст: ) “На працягу апошніх гадоў у Расеі ў выніку так званых “спрэчак гаспадарчых суб’ектаў” былі разгромленыя калектывы тэлеканалаў НТВ, ТВ-6 і ТВС. І ва ўсіх іх сярод журналістаў, што страцілі працу, быў Віктар Дзятліковіч. Таму, магчыма, ён не зусім падзяляе аптымізм Барыса Макаранкі наконт немагчымасьці лукашэнізацыі Расеі”.

(Дзятліковіч: ) “Адзінае пытаньне ў тым, ці атрымаецца ў Пуціна пайсьці шляхам Лукашэнкі. Сёньняшняе змаганьне зь “Юкасам” вельмі нагадвае крымінальныя справы супраць бізнэсоўцаў у Беларусі гадоў 5 таму. Але калі Лукашэнка змагаўся з Пупейкам і фірмай “Пушэ”, то, у адрозьненьне ад Хадаркоўскага і “Юкаса”, Пупейка не валодаў 5 мільярдамі даляраў, а “Пуше” не займала паводле капіталізацыі 29 месца ў сьвеце. Расейскай ўладзе будзе вельмі цяжка паставіць пад свой кантроль такія моцныя фінансавыя групоўкі. Але жаданьне такое ў іх ёсьць, і згодна з гэтым жаданьнем яны дзейнічаюць: “Юкас”, “Менатэп”, можна найбліжэйшым часам чакаць справаў і па іншых кампаніях. Сытуацыя зь “Юкасам” будзе вырашальнай – калі ў іх атрымаецца падпарадкаваць “Юкас” ці хаця б зьменшыць амбіцыі Хадаркоўскага, тады яны пойдуць на іншыя ўплывовыя кампаніі і на іншых бізнэсоўцаў. Калі гэта не атрымаецца, у расейскага бізнэсу і ў Расеі ў цэлым ёсьць шанец прадухіліць лукашэнізацыю”.
XS
SM
MD
LG