Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Акт аб дэмакратыі ў Беларусі: роля санкцыяў у дэмакратызацыі


Юры Дракахруст, Прага

Удзельнічаюць: Алеся Сёмуха, Віктар Івашкевіч, Мікола Статкевіч, Эрык Чэнавэт, Вячка Станкевіч, Андрэй Піянткоўскі.

(Дракахруст: ) “Законапраект, ухвалены Палатаю прадстаўнікоў кангрэсу ЗША, прадугледжвае ўвядзеньне забароны на ўезд у ЗША Аляксандра Лукашэнкі і іншых кіраўнікоў Беларусі, забарону на амэрыканскія крэдыты і інвэстыцыі для Беларусі, блякаваньне праз амэрыканскіх прадстаўнікоў прадастаўленьня крэдытаў афіцыйнаму Менску з боку міжнародных фінансавых арганізацацыяў. Палата прадстаўнікоў абавязвае ўрад ЗША аказаць фінансавую падтрымку структурам грамадзянскай супольнасьці Беларусі.

Нагадаем, што ўпершыню новы падыход да Беларусі быў сфармуляваны 2 гады таму ў заканадаўчай ініцыятыве пад назваю “Акт аб дэмакратыі ў Беларусі” патрыярха амэрыканскай палітыкі сэнатара Джэсі Гелмса. Летась законапраект Гелмса трансфармаваўся ў прапанову кангрэсмэна Крыстафэра Сьміта, пазьней “Акт аб дэмакратыі ў Беларусі” стаў часткаю больш шырокага закону аб міжнародных дачыненьнях.

Зараз са стадыі абмеркаваньняў і прапановаў справа перайшла ў стадыю рашэньняў – новая палітыка адносна Беларусі падтрыманая ня групаю ініцыятараў, а Палатаю амэрыканскага парлямэнту. Аднак па меры таго, як “Акт аб дэмакратыі ў Беларусі” (будзем назваць яго па-ранейшаму) набліжаецца да рэалізацыі, ён страчвае некаторыя істотныя пункты, прапанаваныя ініцыятарамі. Прынамсі, у параўнаньні з прапановаю кангрэсмэна Сьміта, закон, прыняты Палатаю прадстаўнікоў, ня ўтрымлівае забароны на стратэгічны экспарт у Беларусь. Акрамя таго, калі ў законапраекце Сьміта былі вызначаныя канкрэтныя сумы дапамогі грамадзянскай супольнасьці Беларусі, то зараз гэтае пытаньне аддадзенае на вырашэньне Дзярждэпартамэнту. Пра прычыны гэтай зьмены гаворыць наш карэспандэнт у ЗША Алеся Сёмуха, якая уважліва сачыла за абмеркаваньнем законапраэкту ў Кангрэсе”.

(Сёмуха: ) “Я мяркую, што Кангрэс і Дзярждэпартамэнт ЗША як выканаўчая ўлада мусяць падзяліць паўнамоцтвы. Кангрэсмэны, калі абмяркоўвалі гэты законапраект, імкнуліся захаваць тыя палажэньні, якія ў іх кампэтэнцыі, якія вызначаюць стратэгію міжнародных дачыненьняў. Больш канкрэтныя захады, такія як сумы, забароны ці санкцыі – гэта ўжо прэрагатыва выканаўчай улады. Такім чынам, Кангрэс даў выканаўчай уладзе магчымасьць выкарыстоўваць гэтыя мэханізмы тады, калі гэта спатрэбіцца.

Другая прычына, чаму некаторыя пункты зьніклі – гэта тое, што і "Акт аб дэмакратыі ў Беларусі", і беларуская сытуацыя ўвогуле ня ёсьць першапачатковай важнасьці для Злучаных Штатаў. Каб гэты дакумэнт стаў законам, трэба было зрабіць некаторыя ўнутрапалітычныя саступкі, зважаючы на ўнутраныя праблемы Кангрэсу”.

(Дракахруст: ) “Падчас абмеркаваньня ў Палаце прадстаўнікоў ініцыятар законапраэкту Крыстафэр Сьміт сказаў: “Спадзяюся, што гэты закон дапаможа пакласьці канец відавочным, няспынным і жахлівым парушэньням правоў чалавека рэжымам Лукашэнкі і паслужыць каталізатарам спрашчэньня інтэграцыі Беларусі ў дэмакратычную Эўропу”.

Ці зможа закон, прыняты палатаю прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША сапраўды дасягнуць гэтай мэты? Сваё меркаваньне на гэты конт выказвае намесьнік старшыні БНФ Віктар Івашкевіч, які зьяўляецца адной з ахвяраў гэтых парушэньняў – ён адбывае тэрмін абмежаваньня волі паводле абвінавачваньня ў паклёпе на прэзыдэнта”.

(Івашкевіч: ) “Я мяркую, што гэтыя санкцыі спрацуюць у сярэднетэрміновай пэрспэктыве, але ў найбліжэйшы час не паўплываюць на рашэньне Лукашэнкі цалкам "зачысьціць" палітычнае, грамадзкае і інфармацыйнае поле на Беларусі ад сваіх апанэнтаў. У найбліжэйшы час будзе ўзмацняцца рэжым дыктатуры і рэпрэсіяў. Але пераламае гэтае ўзмацненьне і гэты рэжым толькі выступленьне беларускага народу, які можа быць даведзены да жабрацтва. Зараз людзі яшчэ не пачалі плаціць камунальныя плацяжы з улікам падаражаньня газу і ацяпленьня, але яны ўжо пачынаюць падвываць, як жа мы будзем жыць. Эканамічныя санкцыі пагоршваюць эканамічную сытуацыю ў Беларусі, хаця можа і нязначна, і такім чынам спрыюць радыкалізацыі настрояў беларускага грамадзтва”.

(Дракахруст: ) “Іншай думкі наконт эфэктыўнасьці мераў, прадугледжаных “Актам аб дэмакратыі ў Беларусі”, прытрымліваецца старшыня сацыял-дэмакратычнай партыі Народная Грамада Мікола Статкевіч”.

(Статкевіч: ) “Праблему беларускай дэмакратыі могуць вырашыць толькі самі беларусы. І любыя дзеяньні звонку і ўнутры краіны трэба ацэньваць з пункту гледжаньня таго, ці паўплывае гэта на падвышэньне аўтарытэту беларускіх палітычных партыяў і на паніжэньне аўтарытэту Лукашэнкі. І менавіта з гэтага пункту гледжаньня ўсялякія фармальна замацаваныя і гучна агалошаныя санкцыі, найперш эканамічныя, будуць спрыяць у нейкай ступені паніжэньню аўтарытэту беларускай апазыцыі і частковаму падвышэньню аўтарытэту Лукашэнкі. Ён атрымае магчымасьць казаць, што санкцыі ўвялі супраць Беларусі, звальваць усе эканамічныя праблемы на гэта, і прадстаўляць апазыцыю як крыніцу ўсіх гэтых бедаў. Гэта першы і самы галоўны аспэкт праблемы.

Іншыя таксама істотныя, але саступаюць гэтаму па важнасьці. Да Беларусі будзе прыцягвацца ўвага, на Лукашэнку будзе рабіцца ціск, і некаторыя недзяржаўныя арганізацыі і незалежныя газэты атрымаюць вельмі канкрэтную дапамогу. Я буду вельмі рады за іх і буду вельмі жадаць, каб яны гэтую дапамогу скарысталі эфэктыўна ў імя беларускай дэмакратыі”.

(Дракахруст: ) “Такім чынам на думку лідэра сацыял-дэмакратаў “Акт аб дэмакратыі ў Беларусі” можа нават пагоршыць сытуацыю. Лёгіку амэрыканскіх заканадаўцаў спрабуе патлумачыць амэрыканскі палітоляг, судырэктар Інстытуту дэмакратыі ва Ўсходняй Эўропе Эрык Чэнавэт. Зь ім гутарыла Алеся Сёмуха”.

(Чэнавэт: ) “Я ня думаю, што санкцыі могуць пагоршыць сытуацыю. Я думаю, што сам рэжым можа зрабіць сытуацыю горшай за тую, што існуе зараз. А іншыя дзяржавы абавязаныя вырашыць, як рэагаваць на дыктатарскія рэжымы. У выпадку з Лукашэнкам, я думаю, існуе агульная згода, што Захад ня хоча мець звычайных зносінаў з Лукашэнкаўскім урадам зь відавочных прычынаў – рэпрэсіі, агрэсіўная замежная палітыка і антызаходняя арыентацыя. Калі гаворка ідзе пра рэжым такога кшталту, дык пытаньне хутчэй – што вы гатовыя зрабіць адносна гэтага рэжыму? І ўрад, і Кангрэс ЗША вырашылі, што яны ня хочуць мець справы зь беларускімі ўрадоўцамі, і гэта рэзонная пазыцыя ўраду і Кангрэсу. Вядома, калі спыняюцца інвэстыцыі, дык грошы ў краіну не прыходзяць, і на пэўным узроўні гэта пагаршае сытуацыю. Але інвэстыцыі ў Беларусь сёньня – гэта інвэстыцыі ў Лукашэнку і яго памагатых. Грошы ня дойдуць да людзей. Лукашэнка можа паабяцаць падвышэньне заробкаў падчас выбараў і не зрабіць гэтага, але інвэстыцыі ня дойдуць да людзей у любым выпадку. Пытаньне такім чынам, ці хочаце вы інвэставаць грошы ў людзей, якія гэтыя грошы скрадуць? І Кангрэс, і ўрад ЗША вырашылі, што не, мы гэтага не дазволім”.

(Дракахруст: ) “З амэрыканскім палітолягам згодны наш калега, былы дырэктар беларускай службы Радыё Свабода Вячка Станкевіч”.

(Станкевіч: ) “Беднасьць насельніцтва не залежыць ад санкцыяў, беднасьць насельніцтва – гэта нутраная праблема. Санкцыі яму не пашкодзіць, насельніцтва дзеля санкцыяў не зьбяднее. Роля санкцыяў – паніжальная для кіраўніцтва краіны. І калі такім чынам больш палітычнай увагі будзе зьвяртацца да Беларусі, гэта можа даць плюс. І пасьля гэтага справы могуць палепшыцца і для насельніцтва”.

(Дракахруст: ) “Спрэчкі вакол эфэктыўнасьці “Акту аб дэмакратыі ў Беларусі” ёсьць прыватныv выпадкам старой спрэчкі аб эфэктыўнасьці палітыкі санкцыяў адносна аўтарытарных і таталітарных рэжымаў. Ці спрыяюць яны саступкам з боку рэжыму, яго зьмякчэньню, ці наадварот – робяць яго больш жорсткім, дазваляюць яму аб’яднаць вакол сябе народ супраць “зьнешняга ворага”? Свой адказ прапануе дырэктар расейскага цэнтру стратэгічных дасьледваньняў Андрэй Піянткоўскі”.

(Піянткоўскі :) “Гэтая старая спрэчка, пра якую Вы казалі, ніколі не сканчаецца на карысьць народаў. Заўсёды атрымліваецца горшае – гэта ня ўзьдзейнічае на дыктатараў, не прымушае іх спыніць парушэньне правоў чалавека. З другога боку, калі гэтыя санкцыі маюць эканамічны характар, яны нэгатыўна адвіваюцца на ўмовах жыцьця насельніцтва. Менавіта так яно было ў Іраку і ў шэрагу іншых выпадкаў. Гэтак жа яно будзе і зь Беларусьсю. Але я мяркую, што гэты набор вельмі жорсткіх санкцыяў ня дойдзе да ўзроўню закону, падпісанага прэзыдэнтам Злучаных Штатаў”.

(Дракахруст: ) “Назва “Акт аб дэмакратыі ў Беларусі”, якую меў напачатку закон, пра які мы гаворым, ня новая ў амэрыканскай практыцы. У свой час кангрэс ЗША прымаў адпаведныя “акты аб дэмакратыі” для Югаславіі і Іраку. Ці падобны закон, прыняты Палатай прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША 16 ліпеня, на гэтыя заканадаўчыя акты? Гаворыць Алеся Сёмуха”.

(Сёмуха:) “Зь Іракам была трошкі іншая сытуацыя. Прыняты закон падобны на той, што ў свой час быў прыняты адносна Югаславіі. Заканадаўцы вызначаюць стандарты дачыненьняў, яны ўздымаюць пытаньне, калі яно робіцца палітычным. У гэтым сэнсе дакумэнты параўнальныя, хаця сытуацыі, вядома, розныя і геапалітычнае значэньне Беларусі адрознае ад югаслаўскага ці ірацкага. Падабенства зь югаслаўскай сытуацыяй палягае ў тым, што ЗША не хацелі мець у Эўропе "чорную дзірку", анкляв нестабільнасьці. Яны хацелі б вырашыць з Эўропаю і пасоўвацца ў іншыя рэгіёны. Таму яны будуць зьвяртаць увагу на сытуацыю ў Беларусі. Але гэта ізноў такі ня ёсьць прыярытэтам для ЗША”.

(Дракахруст: ) “Прыняцьцё Палатаю прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША закону пра палітыку адносна Беларусі адбывалася на тле франтальнага наступу на правы чалавека з боку беларускіх уладаў. Закрыцьцё газэтаў, ціск на прафсаюзы, закрыцьцё недзяржаўных арганізацыяў, выдаленьне з краіны прадстаўніцтваў амэрыканскіх агэнцыяў – вось далёка няпоўны пералік апошніх крокаў афіцыйнага Менску, якія сталі выклікам дзяржавам, якія вызнаюць дэмакратычныя каштоўнасьці. Гаворыць амэрыканскі палітоляг Эрык Чэнавэт”.

(Чэнавэт: ) “Я думаю, што палітыка санкцыяў – гэта больш маральны адказ рэжыму Лукашэнкі. На практычным узроўні санкцыі ня будуць мець такога ж эфэкту, які санкцыі мелі на рэжым Ярузельскага (у Польшчы), калі ўзаемадачыненьні паміж краінамі былі нашмат большыя, і таму санкцыі мелі болей узьдзеяньня. У цяперашняй сытуацыі санкцыі маюць болей маральнае значэньне. Важна, каб беларусы ведалі, што ЗША ня будуць мець нармальных стасункаў з карумпаваным дыктатарскім рэжымам”.

(Дракахруст: ) “На думку лідэра беларускіх сацыял-дэмакратаў Міколы Статкевіча, форма адказу на выклік была абраная ўсё ж няўдалая”.

(Статкевіч: ) “Ёсьць іншыя магчымасьці. Урэшце рэшт, усё тое самае можна рабіць, не прымаючы фармальных рашэньняў. Гэта не дало б магчымасьці скарыстаць гэтыя меры супраць апазыцыі і дзеля спісваньня ўсіх агрэхаў рэжыму на "злобную апазыцыю, якая жадае зла свайму народу і заклікае Захад зрабіць кепска ўсім беларусам". Па-другое, ёсьць шмат іншых магчымасьцяў давесьці сваю заклапочанасьць на ўзроўні міжнародных арганізацыяў, на ўзроўні ўплыву на саюзьнікаў Лукашэнкі”.

(Дракахруст: ) “Расейскі палітоляг Андрэй Піянткоўскі адзначае, што кола мераў, прадугледжаных прынятым законапраектам, можа яшчэ больш звузіцца, як гэта ўжо адбылося на папярэдніх стадыях абмеркаваньня. Нагадаю, што закон мусіць яшчэ разгледзіць Сэнат і падпісаць прэзыдэнт ЗША”.

(Піянткоўскі : ) ”Рэакцыя будзе прадэманстраваная. І пункт аб забароне на ўезд Лукашэнкі ў ЗША застанецца, але наўрад ці яны пойдуць гэтак далёка ў эканамічнай сфэры. Калі казаць пра эфэктыўнасьць ўзьдзеяньня на Лукашэнку, то яна можа быць толькі ў выпадку сумеснага ўзьдзеяньня Расеі і Захаду. Па-першае, беларуская эканоміка залежыць ад Расеі значна больш, чым ад Захаду. Па-другое, Расея мае высокі маральны аўтарытэт у вачох значнай часткі беларускага грамадзтва. Але гэта – з вобласьці гіпотэзаў. Мне цяжка ўявіць, каб сёньня расейскі ўрад пайшоў на такія супольныя меры са Злучанымі Штатамі і Захадам, хаця ў яго назапасілася ўласных прэтэнзіяў да Лукашэнкі”.

(Дракахруст: ) “Віктар Івашкевіч падзяляе думку наконт таго, што па-сапраўднаму эфэктыўнае ўзьдзеяньне на беларускія ўлады могуць забясьпечыць толькі супольныя міжнародныя высілкі. Але, паводле яго, амэрыканская ініцыятыва і стварае падмурак для такіх высілкаў”.

(Івашкевіч: ) “Я мяркую, што дыпляматыя Злучаных Штатаў будзе імкнуцца далучыць да сваіх санкцыяў сваіх саюзьнікаў і "паўсаюзьнікаў" – Эўропу і, магчыма, Расею. Пра тое, што Эўропа гатовая ўспрыняць гэта, сьведчыць рэзалюцыя Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ ў адказ на дзікія паводзіны прадстаўнікоў Беларусі. І гэты міжнародны фронт байкоту рэжыму будзе ўплываць на эканамічны стан”.

(Дракахруст: ) “Андрэй Піянткоўскі ўжо казаў пра тое, што расейскі ўрад наўрад ці далучыцца да супольных з Захадам дзеяньняў адносна Беларусі. Але выглядае, што самі па сабе амэрыканскія крокі ўзмацняць пазыцыі Масквы ў адносінах з афіцыйным Менскам. Летась у разгар газавага канфлікту Аляксандар Лукашэнка публічна казаў сваім урадоўцам: “Не прасіце грошы ў Расеі, амэрыканцы дадуць”. А зараз амэрыканцы прымаюць нават адмысловы закон – Лукашэнку грошай не даваць. Гаворыць Андрэй Піянткоўскі”.

(Піянткоўскі: ) “Я б з гэтым не згадзіўся. Усе разумеюць, што нікуды ён не ўцячэ, што нікому ён там непатрэбны. Тут працуе іншы мэханізм. У Пуціна асабіста няма аніякіх ілюзіяў наконт Лукашэнкі, і ён скарыстае ў дыялёгу зь ім любы аргумэнт, які апынецца ў яго руках. Але гэтае абаяньне вялікага славяніна і змагара з імпэрыялізмам яшчэ жыве ў колах левай і нацыяналістычнай эліты. Гэтая эліта не гатовая кінуць адкрыты выклік Пуціну, але супраціўляецца ягонаму замежнапалітычнаму курсу. І Пуцін будзе лічыцца з гэтымі настроямі, асабліва ў перадвыбарчы год, не жадаючы аддаваць нацыяналістычныя , настальгічныя, імпэрскія, панславісцкія лёзунгі сваёй камуністычнай апазыцыі”.

(Дракахруст: ) “На думку Міколы Статкевіча, зьнешнія фактары ўвогуле мала ўплываюць на беларускую палітыку і ня імі будуць вызначацца перамены ў ёй”.

(Статкевіч: ) “Наступ на ўсе сфэры грамадзкага жыцьця, незалежныя ад рэжыму, у тактычным пляне зьвязаныя з набліжэньнем рэфэрэндуму. А ў больш шырокім кантэксьце гэта зьвязана з тым, што рэжым вычэрпвае свой рэсурс – электаральны, эканамічны, міжнародны, і зараз будзе рабіць усё больш жорсткія захады, каб уратаваць сябе, бо небясьпека расьце. Саступаць гэты чалавек ня будзе, гэтая сьценка не паддаецца. Але некалі яна зь велізарным грукатам за пару дзён абваліцца. І рашэньні амэрыканскага Кангрэсу да гэтага ніякага дачыненьня ня маюць”.

(Дракахруст: ) “Паводле Міколы Статкевіча, беларуская ўлада скарыстае дэклярацыю пра амэрыканскую дапамогу апазыцыі, прадставіўшы яе наймітамі Вашынгтону, што прывядзе да падзеньня аўтарытэту апазыцыі. У Віктара Івашкевіча – іншы погляд на праблему”.

(Івашкевіч: ) “Незалежна ад таго, атрымае апазыцыя падтрымку ці не атрымае, усё роўна дзяржаўныя мэдыі абвесьцяць яе агентамі ЦРУ, Масаду і Абвэру. І тут, як той казаў, "лучше грешным быть, чем грешным слыть". Акрамя таго, па меры таго, як інтэграцыя з Расеяй усё больш абыякава ці нэгатыўна ўспрымаецца насельніцтвам, калі большая частка насельніцтва прыязна ставіцца да інтэграцыі ў Эўропу, у Эўразьвяз, станоўчы рэйтынг "агента Захаду" падвышаецца. Ну не інтэгратар з Расеяй можа стаць тым, хто прывядзе нас у Эўропу, а толькі агент гэтай Эўропы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG