Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новы паварот беларуска-расейскай інтэграцыі


Юры Дракахруст, Прага

Удзельнічаюць: Аляксандар Грыцанаў, Андрэй Дынько, Леанід Радзіхоўскі, Крыстыян Кэрыл

На гэтым тыдні інтэграцыя Беларусі і Расеі зрабіла чарговы нечаканы паварот. Напачатку чэрвеня Аляксандар Лукашэнка сустрэўся зь віцэ-прэм’ерам Расеі Аляксеем Кудрыным і старшынём расейскага Цэнтрабанку Сяргеем Ігнацьевым, падчас перамоваў, як паведамлялася, было нарэшце вырашанае самае вострае пытаньне пераходу Беларусі на расейскі рубель. Паводле прапанаванай формулы, Беларусь атрымлівала пэўныя, хаця і ня роўныя правы на эмісію агульнай валюты. Адны пагадненьню ўзрадаваліся, іншыя былі занепакоеныя пэрспэктываю страты эканамічнага сувэрэнітэту, але факт пагадненьня пацьвярджалі і расейскія, і беларускія ўрадоўцы.

Аднак на гэтым тыдні на адмыслова скліканай нарадзе кіраўнік Беларусі заявіў цалкам адваротнае. Лукашэнка вярнуў праблему ў, так бы мовіць, першабытны стан, сказаўшы, што Беларусь па-ранейшаму настойвае на поўнай роўнасьці ў пытаньні эмісіі супольнай валюты. Рэзкасьць павароту падкрэсьлівалася тым, што ў той жа дзень, 18 чэрвеня, калі Лукашэнка ў Менску хаваў пагадненьне, прэм’ер-міністар Беларусі Генадзь Навіцкі ў Санкт-Пецярбургу яшчэ распавядаў пра тое, што пагадненьне гатовае да падпісаньня. Чым можа патлумачыць гэты чарговы інтэграцыйны сюрпрыз? Гаворыць палітоляг Аляксандар Грыцанаў.

(Грыцанаў: ) “Аляксандар Лукашэнка зрабіў вельмі важны выбар, ён адказаў на пытаньне, з кім ён сябе атаесамляе: ці з прэзыдэнтам незалежнай Беларусі, ці з кіраўніком каланіяльнай адміністрацыі. Лукашэнка зрабіў выбар, ён жадае быць кіраўніком незалежнай дзяржавы. Расейскія палітыкі рана ўзрадаваліся, калі дамовіліся з Аляксандрам Рыгоравічам наконт расейскіх грошай. З Лукашэнкам нельга размаўляць публічна моваю ўльтыматумаў.

Зараз Лукашэнка жадае паўтарыць сытуацыю 1996 году, калі напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў Ельцін дамовіўся зь ім аб стварэньні адзінай дзяржавы і шмат у чам за кошт гэта атрымаў дадатковыя 10-15% галасоў тых, хто сымпатызаваў Лукашэнку ў Расеі. І зараз кіраўнік Беларусі цынічна прапануе згуляць гэтую гульню другі раз. Вы год ці два гаворыце пра аб’яднаньне, год ці два не выкручваеце мне рукі наконт эканамічных рэформаў, а я прапаную вам свой электарат у Расеі”.

Паводле меркаваньня расейскага палітоляга Леаніда Радзіхоўскага, у тым, што Лукашэнка адмовіўся ад дамоўленасьці, якую заключыў толькі два тыдні таму, няма нічога дзіўнага.

(Радзіхоўскі: ) “Чаму ён зрабіў гэта ў такой форме – пытаньне асобнае. Такая ўжо асаблівасьць асобы – ён усё робіць рэзка, гучна, у грубай форме. Што ж тычыцца зьместу, для мяне было відавочным, што нічога іншага і быць ня можа, я мяркую, што і Пуцін гэта разумеў. Уся гэтая бадзяга з аб’яднаньнем Расеі і Беларусі – гэта бессэнсоўны пінг-понг, мячык налева, мячык направа. Мэта гэтай гульні адна – дурыць галаву выбаршчыкам, беларускім у большай ступені. Беларускія сяляне, магчыма, шчыра вераць, што нейкае аб’яднаньне будзе і што яны ад гэтага штосьці атрымаюць. Расейцам таксама ўсё ж больш прыемна слухаць гэтыя глупыя прамовы пра аб’яднаньне, чым пачуць ясныя словы пра тое, што ніякага аб’яднаньня ня будзе, бо ня будзе ніколі. І прычына тут – ня толькі ў нежаданьні Лукашэнкі. Досьвед гісторыі паказвае, што з 1945 году не было ніводнага прыкладу зьліцьця двух дзяржаваў. Акрамя Нямеччыны, але гэта быў штучна раздзелены адзіны народ, які заўжды жыў у адзінай дзяржаве. Беларусь добра ці дрэнна на працягу 70 гадоў існавала як асобная зямля, як рэспубліка, 10 гадоў яна існуе як асобная дзяржава. І хто б ні быў прэзыдэнтам Беларусі, для яго аб’яднацца з Расеяй, увайсьці ў яе склад – гэта зрабіць палітычнае самагубства. Лукашэнка, які ўсё полымя душы паклаў на тое, каб стаць дыктатарам Беларусі, сканчаць жыцьцё самагубствам не зьбіраецца і нікому сваю ўладу не аддасьць – ані Расеі, ані Амэрыцы, нікому.

Аднак дзякуючы характару Лукашэнкі ўсё гэта набывае такі вадэвільны характар, вечныя крыўды, надзьмуваньне шчок. Гуляць у гэтую гульню можна колькі заўгодна, аднак рэальнага аб’яднаньня ня будзе ніколі, бо гэтага не дапусьціць ніводны беларускі пррэзыдэнт”.

Галоўны рэдактар газэты “Наша ніва” Андрэй Дынько лічыць, што, паслухаўшы расейскія камэнтары наконт эмісійнага пагадненьня, Лукашэнка адчуў пагрозу страты кантролю над сытуацыяй.

(Дынько: ) “Мне здаецца, што ён клапаціцца пра захаваньне поўнай кіраванасьці беларускім чынавенствам, беларускімі бізнэс-элітамі. Ён ня хоча, каб Расея перахапіла ініцыятыву, каб пачала аказваць уплыў на гэтыя слаі беларускага насельніцтва. Вельмі важна, каб у гэтых слаях не пасяліліся капітулянцкія настроі, каб людзі не пачалі ўспрымаць справу беларуска-расейскай інтэграцыі як нешта вырашанае, не пачалі ўспрымаць сытуацыю так, што Лукашэнка ня здольны нічога супрацьпаставіць Уладзімеру Пуціну. Менавіта гэтым тлумачылася неабходнасьць склікаць “партактыў” і адкрыта акрэсьліць сытуацыю, бо расейскія мэдыі стварылі, відаць, і ў шэрагах беларускага кіраўніцтва такое ўражаньне, што прынятае нейкае новае істотнае рашэньне аб далейшым уваходжаньні ў зону расейскага патранату”.

Варта прыгадаць, што расейскія ўрадоўцы, зь якімі два тыдні таму Лукашэнка дамаўляўся наконт эмісійнага цэнтру, прыбылі ў Менск пасьля тэлефоннай размовы кіраўнікоў Беларусі і Расеі. Такім чынам, дэзавуюючы гэтае пагадненьне, Лукашэнка даў гаспадару Крамля публічную поўху. Якім будзе адказ Масквы? Гаворыць Леанід Радзіхоўскі.

(Радзіхоўскі: ) “Абменьвацца поўхамі – улюбёная забава брацкіх прэзыдэнтаў. Гэта цыкль такі – поўха, пацалунак, поўха, пацалунак. Лукашэнка даў шмат поўхаў спачатку Ельцыну, потым Пуціну, і ён ад расейскіх прэзыдэнтаў атрымаў багата поўхаў. Напрыклад, Пуцін у апошнім штогадовым пасланьні ані словам не прыгадаў аб’яднаньне брацкіх народаў і таму падобную лухту. На саміце ў Санкт-Пецярбургу беларускага “брата” дапусьцілі да “цела” у парадку жывой чаргі.

Што да Вашага пытаньня наконт наступстваў апошніх заяваў Лукашэнкі. А ніякіх наступстваў. Лукашэнка чарговы раз надзьмуўся, пакідаў посуд. Масква чарговы раз зробіць больш ці менш рэзкую заяву. Потым будзе паўза, пахаладаньне, потым пацяпленьне. Гэта – працэс. Мэта – нішто, паколькі мэты не існуе, рух – усё. Лукашэнка ня можа сказаць сваім выбаршчыкам, што хай гэтая Расея каціцца да чортавай маці, што ніякага аб’яднаньня ня будзе. Ён гэтак доўга крычаў, што яно будзе, што зараз “адкруціць” немагчыма. Але і без эканамічнай дапамогі Расеі ён адразу памрэ. А Расея гэтую братэрскую даніну плаціць будзе, бо гэта папулярная ідэя, а Пуцін ня той чалавек, які возьме на сябе сьмеласьць адразу ж разарваць. Таньней плаціць, чым рваць”.

Падчас сваёй прамовы Лукашэнка заявіў, што прапановы расейцаў наконт эмісіі кепскія ня толькі самі па сабе, паводле яго, пагадненьне пра валюту мусіць быць часткаю канстытуцыйнага акту, які трактуе ўсе пытаньні дачыненьняў у саюзнай дзяржаве. Але паводле Лукашэнкі, прычына ў прамаруджваньні з канстытуцыйным актам – нежаданьне расейцаў пускаць беларусаў на сваю палітычную прастору. Прычым, паводле Лукашэнкі, расейцы палохаюцца прыходу ня толькі яго асабіста, але і Мясьніковіча, і Калаўра, і Пракаповіча і іншых. Што азначае гэтая заява кіраўніка дзяржавы? Гаворыць Аляксандар Грыцанаў.

(Грыцанаў: ) “Заява пра доступ беларускай эліты на палітычны рынак Расеі была зробленая для каманды Лукашэнкі. Ён бадай упершыню сказаў сваім: “Мы – адзіная каманда, я вам веру, я лічу вас бліскучымі палітыкамі”. Я мяркую, гэтыя заявы – пра адзінае палітычнае поле, пра канстытуцыйны акт, былі зробленыя выключна для сваіх. Лукашэнка разумее, што ў бліжэйшыя тры-чатыры гады доступ на расейскае палітычнае поле для беларусаў закрыты. Але калі памарыць, то Лукашэнка мог бы зрабіць палітычную партыю ў адзінай беларуска-расейскай палітычнай прасторы, і ён бы выглядаў, скажам, нашмат лепей Жырыноўскага”.

Яшчэ адзін цікавы сюжэт інтэграцыйнай нарады – зварот Аляксандра Лукашэнкі да апазыцыі. Ён заявіў, што наконт эмісійнага пагадненьня трэба даведацца меркаваньне апазыцыі, кіраўнік дзяржавы назваў асабіста Станіслава Багданкевіча. Думка сп. Багданкевіча на гэты конт добра вядомая. Але здаецца, упершыню Лукашэнка прызнаў, што меркаваньні апазыцыі маюць хоць якое значэньне. Чым тлумачыцца такі зварот? Гаворыць Андрэй Дынько.

(Дынько: ) “Мне падаецца, што галоўная прычына гэтага – у неабходнасьці заваёўваць папулярнасьць і галасы тых людзей, якія паважаюць апазыцыю. Такіх людзей у Беларусі робіцца ўсё больш. Па-другое, беларускае грамадзтва зьнеахвоцілася да радыкалаў. І калі б Лукашэнка паўтараў свае выказваньні 90-х гадоў, калі ён адкрыта бэсьціў апазыцыю, не прызнаваў за ёй, за тым жа сп. Багданкевічам, аніякай рацыі, ён тым самым адштурхоўваў бы ад сябе людзей. Нашмат больш папулярнай сталася цяпер тэза пра тое, што мы – адзіны народ, і трэба прыслухоўвацца да адных і да іншых і выбіраць самае рацыянальнае. Я мяркую, што Лукашэнка вельмі добра знаёмы з вынікамі рэалістычных сацыялягічных апытаньняў. Але ягоная заява не азначае ані пачатку дыялёгу з апазыцыяй, ані пачатку прызнаньня апазыцыі істотным элемэнтам нашай палітычнай супольнасьці. Пакуль ня будуць ажыцьцёўленыя кадравыя зьмены, гаварыць пра нейкія перамены стаўленьня лукашэнкаўцаў да апазыцыі не выпадае”.

Наступным важнейшым сюжэтам тыдня сталі паведамленьні пра патаемны візыт у Злучаныя Штаты кіраўніка нацыянальнай акадэміі навук Міхаіла Мясьніковіча. Паводле амэрыканскага дасьледнага цэнтру STRATFOR пасланец афіцыйнага Менску 7-10 чэрвеня сустракаўся з амэрыканскімі ўрадоўцамі. Падчас перамоваў, паведамляе STRATFOR, Мясьніковіч ад імя Лукашэнкі абяцаў спыненьне паставак зброі сумнеўным рэжымам, спрыяньне амэрыканскаму бізнэсу ў Беларусі і аслабленьне рэпрэсіяў супраць апазыцыі. У абмен Менск прасіў выкрэсьліць Беларусь з, так бы мовіць, чорнага сьпісу, а таксама спыніць ціск на Беларусь і падтрымку беларускай апазыцыі.

Цікава адзначыць, што і беларускія, і амэрыканскія афіцыйныя ўстановы ўпарта адмаўляліся як пацьвердзіць, гэтак і абвергнуць факт перамоваў кіраўніка Акадэміі навук Беларусі з прадстаўнікамі афіцыйнага Вагшынгтону.

Гаворыць маскоўскі карэспандэнт амэрыканскага часопісу “Newsweek” Крыстыян Кэрыл.

(Кэрыл: ) “Калі такія перамовы былі, а я мяркую, што яны былі, яны мелі дзьве прычыны. Даволі даўно Злучаныя Штаты лічаць Беларусь краінаю, якая вельмі шырока гандлюе ваенымі тэхналёгіямі з дзяржавамі- ізгоямі. І, магчыма, хтосьці ў Вашынгтоне вырашыў, што замест таго, каб ісьці зь Беларусьсю на адкрыты канфлікт, лепш дамовіцца ці вырашаць гэтую праблему “ціхім” шляхам. Другі фактар – пэўная незадаволенасьць, занепакоенасьць амэрыканцаў прагрэсам беларуска-расейскай інтэграцыі. Мяркую, што хтосьці ў камандзе Буша вырашыў, што такая інтэграцыя можа аслабіць пазыцыі ЗША ва Ўсходняй Эўропе”.

На думку Аляксандра Грыцанава, падобная зьдзелка паміж Менскам і Вашынгтонам – справа больш чым верагодная.

(Грыцанаў: ) “Калі б гэтага візыту не было, яго б трэба было прыдумаць. Мясьніковіч – гэта ўнікальная фігура, ён – прадстаўнік былой кебічаўскай намэнклятуры і разам з тым ён – давераная асоба Аляксандра Рыгоравіча. Калі хтосьці плянуе весьці перамовы з Захадам, то Мясьніковіч – найлепшы варыянт.

Буш зараз падбірае ўсё, што кепска ляжыць: Ірак, Іран, Паўночная Карэя. І калі зараз хтосьці зь неадназначных рэжымаў прапануе Бушу крокі насустрач, то амэрыканская адміністрацыя жадала б гэта абмеркаваць. Нават у Амэрыкі не хапае сілаў, каб наступаць па ўсім сьвеце. І таму калі Мясьніковіч быў у ЗША, то гэта абсалютна нармалёва.

Буш зараз незадаволены Шыракам, незадаволены Шрэдарам, і я ня ўпэўнены, што ён абсалютна задаволены Пуціным. І таму, калі ў амэрыканцаў зьявіцца магчымасьць зрабіць Пуціну няёмка, ўрываючыся ў сфэру жыцьцёвых інтарэсаў Расеі, яны гэта абавязкова зробяць”.

Леанід Радзіхоўскі лічыць жэст Аляксандра Лукашэнкі ў бок Вашынгтону цалкам слушным ходам.

(Радзіхоўскі: ) “Што тычыцца амэрыканцаў. Лукашэнка дзейнічае абсалютна слушна, прымітыўна, але слушна. Калі аслабляецца братэрскі саюз з Расеяй, трэба адразу ж паказваць Расеі прывід спрадвечнай пагрозы, вось яна Амэрыка, якая прыйдзе, перахопіць і гэтак далей. Практычнага значэньня гэта таксама ня мае, бо амэрыканцы ня будуць псаваць сваю біяграфію гульнямі з Лукашэнкам. Бо, калі казаць сур’ёзна, што ён можа прапанаваць? Гэта – невялічкі козыр, які можна разыграць супраць Расеі. Але ім сёньня ня трэба разыгрываць козыры супраць Расеі. Навошта ім псаваць свае адносіны з Расеяй, навошта псаваць сваю рэпутацыю ў Эўропе, дзе да Лукашэнкі дрэннае стаўленьне? Тым больш, што Лукашэнка ў сілу свайго характару падмане іх праз два тыдні.

З Расеяй ён ня можа аб’яднацца аб’ектыўна, і ніводзін прэзыдэнт Беларусі ніколі ня зможа. А з Амэрыкаю ён ня зможа дамовіцца суб’ектыўна, з прычыны свайго характару, асблівасьцяў палітычнага рэжыму.

Але з боку Лукашэнкі, гэта слушны ход – паказаць Расеі, маўляў, ёсьць у мяне куды пайсьці, акрамя вас. І ён разумее, што гэта блеф, і Расея разумее, што гэта блеф, але гульня – гэта нейкі рытуал, а тым больш расейска-беларуская гульня, якая ўся – рытуал ад пачатку да канца”.

Элемэнт піяру, узьдзеяньня ня толькі на Маскву, але і на беларускую эліту бачыць у візыце Мясьніковіча ў Вашынгтон і Андрэй Дынько.

(Дынько: ) “Калі гэты візыт сапраўды быў, а справы выглядаюць так, што ён сапраўды быў у той ці іншай форме, то вельмі важна, што Злучаныя Штаты пагадзіліся на гэта, на перамовы, якія раней былі проста немагчымыя. Таксама важна, што беларускія ўлады пайшлі на крок, які нядаўна таксама здаваўся немагчымым. Аднак пры цяперашняй сытуацыі я ня думаю, што можна нечага чакаць ад гэтага візыту, хіба што гэты візыт і асабліва тыя ўцечкі інфармацыі пра яго, гавораць пра тое, што лукашэнкаўцам важна было пераламіць капітулянцкія настроі ў пэўнай частцы чынавенства і грамадзтва. Тым самым яны нібыта пасяляюць думку, што Амэрыка нас пры нагодзе ўратуе. Не сакрэт, што многія баяцца, што Расея ўсё роўна дадушыць, што яна ўсё роўна мае шмат рычагоў уплыву на Беларусь. І таму сам гэты візыт, і выцечку інфармацыі наконт яго можна разглядаць як своеасаблівую піяраўсую акцыю беларускага кіраўніцтва”.

У візыце Мясьніковіча ў ЗША шмат цьмяных момантаў, пачынаючы з таго, ці быў ён на самой справе, і сканчаючы яго магчымымі наступствамі. Гаворыць Крыстыян Кэрыл.

(Кэрыл: ) “Калі такія манэўры адбываюцца, я мяркую, што гэта ў любым выпадку пашырае свабоду манэўру для Лукашэнкі. Я мяркую, што абмяжоўваць ягоную свабоду манэўру трэба ўзгодненай пазыцыяй, але не паміж Вашынгтонам і Масквою, а паміж Злучанымі Штатамі і эўрапейскімі краінамі, магчыма, з далучэньнем Расеі. Аднак адной з важных тэмаў адносна Беларусі было тое, што амэрыканцы і эўрапейцы ніколі не маглі дамовіцца. І мне падаецца, што цяперашняя спроба амэрыканцаў выпрацаваць нейкі свой падыход у гэтым пытаньні аслабляе агульную пазыцыю Захаду адносна Беларусі. Гэта, магчыма, адна з прычынаў, чаму і Вашынгтон спрабаваў трымаць гэтыя перамовы ў сакрэце.

Апошнім часам стала зразумела, што прыярытэт ЗША адносна Беларусі – гэта пытаньне продажу высокіх ваенных тэхналёгіяў краінам-ізгоям. Мне падаецца, што ўвага да стану правоў чалавека ў Беларусі апошнім часам зьменшылася. І калі Лукашэнка абяцае не займацца продажам зброі, а ў адказ просіць свабоду манэўру ўнутры краіны – гэта можа стаць глебаю для перамоваў. Аднак тут шмат пытаньняў і варыянтаў. Я не выключаю, што гэты пасланьнік Лукашэнкі паехаў у ЗША са згоды Расеі. Тэарэтычна гэта магчыма”.

Гіпотэза карэспандэнта “Newsweek” даволі арыгінальная. Аднак на думку Аляксандра Грыцанава гулец тут – толькі адзіны.

(Грыцанаў: ) “Я ня бачу іншых пэрсанажаў, іншых фігураў на гэтым палітычным полі, акрамя Вашынгтону і крышачку – Масквы. Што жадае Беларусь – у гэтым кантэксьце гэта нікога не хвалюе. Таму калі гэтая гульня распачынаецца, гэта гульня Буша, і трохі – гульня Масквы, на ўзроўні дазволу, які ў Пуціна можа запыталі, а можа і не. Гульні Менску тут быць ня можа”.

Скандал з адмоваю Лукашэнкі ад эмісійнага пагадненьня з Расеяй, пра які мы казалі на пачатку перадачы, сьведчыць пра тое, што магчымасьці нават Масквы ўплываць на Беларусь – досыць абмежаваныя. Аднак на думку Крыстыяна Кэрыла менавіта Расея валодае найбольш сур’ёзнымі рычагамі ўплыву на Беларусь.

(Кэрыл: ) “Апошнім часам Расея паказала, што яна зьяўляецца краінаю, якая мае такія рычагі ўплыву на Беларусь, якіх нават аддалена ня мае ніводная іншая краіна. Прыкладам таго сталі нядаўнія аукцыёны па продажы прадпрыемстваў беларускай нафтахіміі. На іх не было ніводнага пакупніка, ані расейскага, ані, што вельмі важна, заходняга. Я разглядаю гэта як пэўную дэманстрацыю з боку Расеі: глядзіце, хлопцы, ніхто ня хоча ўкладаць грошы ў вашу эканоміку, мы гэта зробім, але толькі паводле сваіх умоваў. Зразумела, у Расеі не заўсёды атрымліваецца ўплываць на Беларусь. Але калі расейскі Цэнтрабанк, скажам, прыме рашэньне не даваць Беларусі танных крэдытаў на падтрымку яе валюты, то Лукашэнку, так выглядае, ня будзе куды падзецца. Я ня бачу, хто тут можа дапамагчы Лукашэнку, акрамя вялікай усходняй дзяржавы. Але ён падчас усёй сваёй карьеры дэманстраваў, што хоча рабіць самастойную палітыку, незалежную ад аб’ектыўных фактараў. Магчыма, ён здолее знайсьці сродак разыграць тут іншую карту, як ён гэта рабіў і раней”.

Калі візыт Міхаіла Мясьніковіча ў Вашынгтон адбываўся не па ўзгадненьні з Расеяй, а ў пэўнай ступені насуперак ёй, ці не атрымаецца ў рэшце рэшт, што Масква, баючыся, так бы мовіць, страціць Беларусь, у выніку толькі ўзмоцніць свае інтэграцыйныя намаганьні? Да такой высновы, дарэчы, прыйшлі адмыслоўцы дасьледнага цэнтру STRATFOR, які і паведаміў пра візыт Мясьніковіча. Гаворыць рэдактар “Нашай Нівы” Андрэй Дынько.

(Дынько: ) “Думаю, што ў канчатковым рахунку Расея ўжо даўно вызначылася са сваімі мэтамі і стратэгіямі на беларускім накірунку. Усё насельніцтва Расеі без вынятку падтрымлівае гэтыя стратэгіі. Таму нешта мяняць у справах інтэграцыі можа толькі Беларусь. І я мяркую, што ў гэтай сытуцацыі ўсё залежыць ад беларускага боку, ад беларускіх элітаў і грамадзтва ў цэлым. Калі яно будзе трымацца курсу на далейшае аддаленьне ад постсавецкага стану, калі беларускі ўрад будзе працягваць палітыку замарожваньня інтэграцыі, то інтэграцыйныя працэсы ня зрушацца зь месца”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG