(Тарас: ) “Хацеў бы нагадаць пра падзею 7 чэрвеня, калі Менск наведалі зь візытам першы віцэ-прэм’ер Расеі Кудрын і кіраўнік расейскага Цэнтрабанку Ігнацьеў. Менавіта пасьля таго візыту было абвешчана – праўда, неафіцыйна – што дасягнутае пагадненьне аб тым, што менавіта Банку Расеі адводзіцца роля адзінага эмісійнага цэнтру ў саюзнай дзяржаве Беларусі й Расеі. І ў мяне пытаньне да маёй калегі ў Менску Юліі Шаровай. Выглядае, што ў адрозьненьне ад расейскіх СМІ, якія падавалі вынікі гэтага візыту як сэнсацыйныя і нават гістарычныя, у Беларусі рэакцыя была значна больш стрыманая, ці яе не было зусім – калі гаварыць пра афіцыйны ўзровень. Ці сапраўды гэта так і ў чым тут прычына, на ваш погляд?”
(Шарова: ) “Магу зазначыць, што сэнсацыяй гэтыя заявы ня сталіся. Такога разьвіцьця падзеяў чакалі даўно. І чуткі пра тое, што Беларусь пагадзілася на расейскія ўмовы, прасачыліся яшчэ за некалькі тыдняў да таго, як кіраўніцтва Нацбанку агучыла прынцыпы, на якіх будзе ажыцьцяўляцца грашовая інтэграцыя. Прынамсі, было вядома пра тое, што ад Беларусі ў раду дырэктараў Цэнтрабанку ўвойдуць два чалавекі. Але ні прадстаўнікі Нацбанку, ні прадстаўнікі ўраду пра гэта не казалі да апошняга. Напрыклад, начальнік управы інфармацыі Нацбанку Анатоль Драздоў яшчэ ў панядзелак цьвердзіў, што іхная пазыцыя наконт адзінага эмісійнага цэнтру непахісная, і банк будзе настойваць на тым, каб застацца гаспадаром на сваёй тэрыторыі. Адзначу, што гэтак ён заявіў пасьля візыту ў Менск расейскага віцэ-прэм’ера Аляксея Кудрына – то бок, тады лёс адзінага эмісійнага цэнтру ужо вырашылі канчаткова. Але пра гэтыя рашэньні пакуль маўчалі. Адметна й тое, што ў чацьвер, калі на паседжаньні круглага стала, прысьвечанага пераходу на расейскі рубель, Павал Калаўр усё ж даў адказ на пытаньне, як Беларусь будзе аб’ядноўваць сваю грашовую сыстэму з Расеяй, Аляксандар Лукашэнка праводзіў нараду, на якой абмяркоўваўся праект дэкрэту пра ліцэнзаваньне асобных відаў дзейнасьці. І ў афіцыйных мэдыях гэтая падзея асьвятлялася вельмі шырока, а вось праблема валютнай інтэграцыі амаль не асьвятлялася”.
(Тарас: ) “А цяпер непасрэдна да таго, што сказаў намесьнік старшыні Нацбанку Павал Калаўр. Ён прызнаў, што “ў асобных рашэньнях, якія могуць закрануць стабільнасьць курсу расейскага рубля, будзе пераважаць меркаваньне Банку Расеі”. Пасьля ўвядзеньня расейскага рубля Нацбанк адмовіцца ад эмісіі наяўных грошай. “Мы ніколі не прэтэндавалі на права эмісіі наяўных расейскіх грошай, прызнаючы за Банкам Расеі ягонае выключнае права на выкананьне гэтых функцыяў“, – падкрэсьліў Павал Калаўр. Паводле ягоных словаў, пагадненьне з Цэнтрабанкам Расеі падугледжвае, што Нацбанк Беларусі захавае за сабой статус юрыдычнай асобы і статус цэнтральнага банку краіны. Пры гэтым два прадстаўніка НБ будуць уведзеныя ў склад рады дырэктараў расейскага Цэнтрабанку. Такім чынам, упершыню беларускі бок пацьвердзіў ранейшыя паведамленьні ў прэсе аб тым, што падчас візыту ў Менск расейскага віэц-прэм’ера Кудрына і кіраўніка Цэнтрабанку Ігнацьева была дасягнутая дамоўленасьць, што пры пераходзе на адзіную валюту дзьвюх дзяржаваў за Расеяй застанецца права эмісіі, а значыць, магчымасьць кантраляваць грашова-фінансавую палітыку Беларусі.
І тут ўзьнікае цэлы комплекс пытаньняў:
Якія асноўныя функцыі Нацыянальнага банку? Ці захаваюцца яны пасьля таго, як ён спыніць грашовую эмісію ў 2005 годзе, калі ў абарачэньні ў Беларусі павінен будзе застацца толькі расейскі рубель? І ці не супярэчыць гэта “статусу самастойнай юрыдычнай асобы”, які, нібыта, застанецца за Нацбанкам?”
(Багданкевіч: ) “Я сам ня чуў таго, што сказаў Калаўр. У той жа час, я б адказаў так: разам з чыста манэтарнай палітыкай і эмісійнай палітыкай вельмі важным пытаньнем валютнага аб’яднаньня становіцца захаваньне нацыянальнага сувэрэнітэту ў пляне дзейнасьці крэдытнай і найперш – банкаўскай сытэмы на тэрыторыі Беларусі, нават пры ўмове саступак у грашовай эмісіі. Трэба захаваць за нашай дзяржавай пытаньні ліцэнзаваньня банкаўскай дзейнасьці, рэгістрацыі і ліквідацыі банкаў, кантролю за банкаўскай і крэдытнай дзейнасьцю. У многіх краінах гэтыя пытаньні выведзеныя за межы эмісійнага банку. Як гэтыя пытаньні будуць вырашацца – мне цяжка сказаць.
Што тычыцца паведамленьня аб тым, што нібыта праект пагадненьня аб пераходзе на расейскую валюту ўжо падрыхтаваны, дык мне здаецца, тут ёсьць некаторае перабольшаньне, паводле маёй інфармацыі. Гэтыя пытаньні яшчэ абмяркоўваюцца і канчаткова пагадненьне не гатовае.
Я бы сказаў, што тэарэтычна сувэрэнная Беларусь магла б мець з Расеяй агульную валюту на прынцыпах роўнасьці. Ёсьць камэрцыйныя банкі дзяржаваў, якімі кіруюць уладальнікі адпаведна сваёй долі статутных капіталаў. Справядлівым рашэньнем тут былў бы прынцып: адна краіна – адзін голас. Іншых варыянтаў, якія б гарантавалі наш сувэрэнітэт, проста няма ў прыродзе. На такой пазыцыі Беларусі й трэба цьвёрда стаяць. І гэта не супярэчыць падпісанаму ў 2000 годзе пагадненьню. Хаця, зразумела, у рэчаіснасьці гэта наўрад ці магчыма. Пачаць з таго, што эканамічная вага Расеі амаль у дваццаць разоў перавышае вагу Беларусі. Але калі такое пагадненьне ўладамі прынятае, дык трэба і стаяць на гэтай пазыцыі. Што тычыцца расейскага рубля, дык без усялякіх пагадненьняў можна было б дапусьціць (бо гэта не патрабуе зьменаў канстытуцыі) ягонае абарачэньне ўнутры краіны – таксама як даляра ЗША, эўра. Але без забавязаньняў на дзржаўным узроўні. Гэта значыць – дапусьціць поўную валютную лібэралізацыю на нашай тэрыторыі, калі мы так ужо арыентаваныя на зьнешні рынак. Я бачу ва ўсіх гэтых прапановах станоўчы сэнс толькі ў пляне выкарыстаньня расейскага рубля для разьлікаў за імпарт з Расеі. Тут ёсьць пэўная эканомія для Беларусі, і гэта не пашкодзіла б нашым нацыянальным інтарэсам”.
(Тарас: ) “Ці правільна я зразумеў Вас, што, ў прынцыпе, у самым пераходзе на расейскі рубель вы ня бачыце нэгатыву?”
(Багданкевіч: ) “Я маю на ўвазе, што павінен быць добраахвотны пераход на ўмовах свабоднага рынку. У нас палова ўкладаў грамадзянаў у далярах, другая палова – у беларускіх рублях. Палова ўсіх крэдытных укладаньняў у эканоміку Беларусі – у даляравым эквіваленце, палова – у беларускіх рублях. І таму можна было дапусьціць і ва ўнутраным абарачэньні выкрыстаньне нейкіх цьвёрдых усясьветных валютаў. Але гэта найменш падыходзіць для расейскага рубля. Гістарычна склалася так, што мы даўно карыстаемся далярам ЗША. Маглі б карыстацца і расейскім рублём, і хай бы яны канкуравалі на нашым унутраным рынку, улічваючы, што нашыя ўлады лічаць магчымым не забясьпечваць уласную валюту, не рабіць яе моцнай”.
(Тарас: ) “Расейская прэса паведамляла, што Расея адкрые крэдытную лінію для Беларусі на суму 20 мільярдаў рублёў “дзеля страхоўкі паказчыкаў беларускае эканомікі”. Каляўр гаварыў пра тое, што ў выпадку, калі замежныя валютныя актывы НББ зьнізяцца да ўзроўню, меншага за месячны аб’ём імпарту краіны, дык Банк Расеі адкрые Нацбанку “крэдытную лінію на суму 20 мільярдаў даляраў” Дык усё-ткі – 20 мільярдаў рублёў ці даляраў? І ў якую суму ўвогуле можна ацаніць адмову ад эканамічнага сувэрэнітэту?”
(Шарова: ) “Я магу сказаць, што згодна з паведамленьнем Інтэрфаксу, усё ж Павал Калаўр казаў пра 20 мільярдаў даляраў, якяі будуць выдаткаваныя на гэтыя патрэбы. Што тычыцца іншых крэдытаў, дык раней была інфармацыя, яшчэ паўгоду таму, што Беларусь просіць зноў у Расеі крэдыт прыкладна ў 250-300 мільёнаў даляраў. Наколькі можна зразумець, гэты крэдыт пойдзе на пагашэньне раней узятых крэдытаў, бо можна зразумець так, што тыя крэдыты, якія раней браліся ў Цэнтрабанку Расеі, у расейскага ўраду, сама Беларусь ужо ня можа вярнуць”.
(Багданкевіч: ) “Я думаю, што Калаўр проста агаварыўся. Я не магу сабе ўявіць, каб Расея магла вылучыць Беларусі 20 мільярдаў у нейкія абмежаваныя тэрміны, калі гэта сума ў далярах. Хутчэй за ўсё, маецца на ўвазе сума ў расейскіх рублях. Безумоўна, эканоміка Беларусі проста ня здолее функцыянаваць, калі ня будзе зьнешняй падтрымкі на значныя сумы. У нас жа самая галоўная праблема – гэта неэфэктыўнасьць эканомікі. У нас у трох абласьцях больш за 60 суб’ектаў гаспадараньня былі ў першым квартале стратнымі. На першым месцы паводле стратнасьці стаіць Магілёўская вобласьць. І ў цэлым у Беларусі у нас больш за палову стратных гаспадарак. Агромністая фізычныя зношанасьць абсталяваньня й тэхнікі, таму мы ня ў стане будзем функцыянаваць, і будзе сацыяльны выбух ў выпадку пераходу на больш цьвёрдую расейскую валюту. Таму такая падтрымка разумелася сама сабой – я ня ведаю ў дэталях, на які тэрмін, на якіх умовах. Зразумела, не 20 мільярдаў даляраў. Гэта наўрад ці магчыма для Расеі – яна ня вытрымае такіх выдаткаў. Але я думаю, што пытаньне яшчэ ня вырашанае і што ў нас ёсьць яшчэ паўтара году да пераходу на расейскі рубель. І зноў жа, магу толькі падкрэсьліць – расейскі рублель не канвэртуецца, гэта не самадастатковая валюта, ён сам прывязаны да даляра. Цэны на расейскія рэсурсы вызначаюцца ў далярах, а не ў рублях. Акрамя нафты і газу, рэшта эканомікі практычна не канкурэнтаздольная. І на такую эканоміку абапіраецца расейскі рубель. Ягоная ўстойлівасьць базуецца на нафтагазавай галіне, а яна сама залежыць ад ваганьняў цэнаў. І рызыка абвалу беларускага рубля, на які мы гатовыя перайсьці ў пэрспэктыве, ёсьць вялікая. І адмова ад манэтарнага сувэрэнітэту – пераход на валюту суседняй дзяржавы супярэчыць глыбінным нацыянальным інтарэсам. Я, прынамсі, хачу спадзявацца, што ўлады яшчэ 10 разоў падумаюць, перад тым, як пераходзіць на валюту суседняй дзяржавы...”
(Тарас: ) “Расейская газэта “Ведомості” пісала 10 чэрвеня: “Так скончылася безнадзейная барацьба Беларусі за роўныя правы пры аб'яднаньні Расеі”. І далей гэтая газэта нагадвала, што Беларусь ёсьць краінай з хранічнай інфляцыяй і часткова рэгуляванымі цэнамі. Прычым, яе кіраўніцтва не бярэ на сябе забавязаньняў зрабіць больш жорсткай бюджэтную палітыку, праводзіць прыватызацыю ці структурныя рэформы. “Зьніжэньне рэальнага курсу беларускага “зайчыка” дагэтуль стымулявала мясцовыя прадпрыемствы. Урад і Нацбанк рэспублікі субсыдуюць цэлыя галіны эканомікі. Цяпер Менск пазбавіцца гэтых інструмэнтаў, што можа нэгатыўна адбіцца на канкурэнтаздольнасьці прадпрыемстваў Беларусі на расейскім і мясцовым рынках у першыя гады пасьля адмовы ад “зайчыка”. А мяккая фіскальная і бюджэтная палітыка можа прывесьці да крызысу накшталт таго, што быў нядаўна ў Аргентыне, у якой дзейнічаў фіксаваны курс нацыянальнай валюты”.
Калі кіраўніцтва Беларусі не зьбіраецца ў блізкім часе мяняць бюджэтную палітыку, адмаўляцца ад рэгуляваньня цэнаў (а Лукашэнка не аднойчы настойваў на тым, што цэны на некаторыя тавары павінны быць фіксаваныя) і г.д. – у чым тады сэнс пагадненьня аб пераходзе на расейскую валюту? Хіба сам па сабе гэты крок можа вырашыць праблемы беларускай эканомікі, узьняць узровень жыцьця насельніцтва ці рэнтабэльнасьць прадпрыемстваў?”
(Багданкевіч: )”Нашыя ўрад, Нацбанк увесь час падкрэсьлівалі, што пераход на адзіную валюту з Расеяй павінен стаць вяршыняй эканамічнай інтэграцыі – гэта значыць, поўнай уніфікацыі заканадаўства ў галіне эканомікі і практыкі гаспадараньня. Ні таго, ні другога няма. Таму гэта чыста палітычны кррок – напэўна, вымушаны крок. І калі Беларусь сапраўды пойдзе на гэта, гэта будзе азначаць поўную капітуляцыю Беларусі перад Расеяй. У кожным выпадку – ці будзе беларускі рубель, ці расейскі, Беларусь павінна ісьці на рэфармаваньне эканомікі, інакш крах эканомікі будзе непазьбежным. Расейскі рубель больш стабільны на сёньняшні дзень, таму ён не прынясе нейкіх непасрэдных нэгатыўных наступстваў для эканомікі Беларусі. Ён проста вымусіць аздараўліваць эканоміку. Улады вымушаныя будуь адмаўляцца ад залішніх дзяржаўных выдаткаў і рабіць рэформы, інакш яны не захаваюць сваю ўладу. Таму тут ёсьць нейкі пазытыўны элемэнт. Мы самі павінны былі б забясьпечыць стабілізацыю, бо інфляцыі на пастсавецкай прасторы нідзе больш няма, акрамя як у Беларусі. Нават ва Ўкраіне – усяго 2-3% за год.Тое самае ў Малдове, на Каўказе. У краінах Балтыі, у Польшчы праблема інфляцыі вырашаная. А значыць, вырашаная праблема больш нізкіх цэнаў на крэдыты. А гэта дазваляе весьці тэхнічнае пераабсталяваньне, выкарыстоўваць крэдытны рэсурс для пад’ёму эканомікі. А ў нас, відаць, нехта бачыць выйсце ў тым, каб узяць чужую валюту, бо не давярае ўласным рашэньням у галіне манэтарнай і працэнтнай палітыкі. Такія вось “беларусы” ў нас пакуль яшчэ ачольваюць урад. Таму трэба было б зьняць гэты ўрад і навесьці парадак, захаваўшы нацыянальную валюту, сувэрэнітэт. Шукаюць нейкія іншае выйсце – мабыць, ад безвыходнасьці, ад таго, што самі ня ў стане навесьці парадак ў цэнаўтварэньні, з валютным курсам. Гэта ўсё нашыя ўнутраныя праблемы – яны зьвязаныя з тым рэжымам, які пануе ў краіне”.
(Тарас: ) “А як ацэньвае ўсе гэтыя працэсы беларуская прэса?”
(Шарова: ) “Вельмі цяжка аб’ектыўна сказаць, якія ацэнкі дае беларуская прэса. Па-першае, дзяржаўная прэса, мякка кажучы, ігнаруе гэтыя падзеі. І вельмі цікава, што ў той дзень, калі адбылося паседжаньне круглага стала, на якім упершыню былі агучаныя прынцыпы, на якіх мы будзем інтэгравацца з Расеяй, дзяржаўнае агенцтва БЕЛТА не напісала пра гэтую падзею ні воднае нататкі. Гэта вельмі адметна. У той самы час незалежная прэса піша шмат пра тое, што такім чынам Беларусь рызыкуе страціць палітычную незалежнасьць. Бо адмова ад права эмісіі беларускім Нацбанкам – гэта вельмі істотна. Я хацела яшчэ дадаць наконт функцыяў цэнтрабанку. Адна ж з гэтых функцыяў – гэта заключэньне дамоваў з цэнтрабанкамі іншых краінаў Мы нібыта адмаўляемся ад самастойнасьці, Нацбанк адмаўляецца ад шэрагу сваіх функцыяў, і разам з тым ён зьбіраецца супрацоўнічаць з Цэнтрабанкам Украіны, не адмаўляецца ад супрацоўніцтва з МВФ. Як быць з гэтым, калі Беларусь сапраўды толькі фармальна застаецца з цэнтрабанкам?”
(Тарас: ) “Павал Калаўр, якога мы ўжо згадвалі, выказаў меркаваньне, што пагадненьне аб увядзеньні беларускага рубля можа быць ратыфікаванае толькі пры адпаведных зьменах у Канстытуцыі Беларусі. Ёьць зьвесткі, што ў дваццатых чыслах чэрвеня павінны быць гатовыя адразу і тэкст пагадненьня, і праект так званага Канстытуцыйнага акту Саюзнай дзяржавы Беларусі й Расеі. На ваш погляд, наколькі шчыльна зьзвязаныя паміж сабой гэтыя два дакумэнты? І ці ня ёсьць дамова аб увядзеньні расейскага рубля ў якасьці адзінай валюты Беларусі й Расеі чыста палітычным крокам?”
(Багданкевіч: ) “Падобна на тое. Эканомікай тут і ня пахне. Справа ў тым, што ў сапраўднасьці выкарыстаньне расейскай валюты не прынясе нашай краіне ніякіх перавагаў, толькі рызыку. Гэта палітычнае, а не эканамічнае рашэньне. І яно сапраўды патрабуе зьменаў, прынамсі, аднаго артыкулу канстытуцыі. Можна было б ствараць умовы, можна было б нават прывязаць беларускі рубель да расейскага і паспрабаваць гадоў пяць-дзесяць папрацаваць, ды паглядезь на перавагі і недахопы. Але па гэтым шляху ўлады ж ня йдуць”.
(Шарова: ) “Я бачу ў гэтым відавочную сувязь. Але я хачу яшчэ раз нагадаць, што сп. Калаўр згадаў пра неабходнасьць зьменаў у канстытуцыі Беларусі, калі краіна ўсё ж будзе пераходзіць на беларускі рубель. Згона з артыкулам 136 Канстытуцыі Беларусі, Нацыянальны банк валодае выключным правам грашовай эмісіі. Што бачаць у гэтым аналітыкі? Што, магчыма, пытаньне пра чарговыя зьмены ў Канстытуцыі будзе выносіцца на рэфэрэндум І разам з гэтым, чыста эканамічным, здавалася б, пытаньнем у бюлэтэні для галасаваньня можна будзе ўнесьці таксама іншыя пытаньні – наконт працягу тэрміну прэзыдэнцтва дзейнага кіраўніка дзяржавы і да т.п. То бок, можна паўтарыць досьвед 1996 году. І можа быць, гэта таксама будзе адбывацца з блаславеньня Расеі”.
(Тарас: ) “Давайце спрагназуем: наколькі моцным і стабільным праз два-тры гады будзе рубель адносна эўра, ці даляра?”
(Багданкевіч: )“Я думаю, што, мабыць, расейскі рубель і захавае сваю стабільнасьць. Аднак, без “але” тут не абыйдзецца – пры ўмове захаваньня высокіх цэнаў на энэрганосьбіты. Таму што расейскі рубель базуецца на высокіх цэнах на энэрганосьбіты. Калі такія цэны захаваюцца найбліжэйшыя год-два, дык і цэны будуць устойлівыя”.
(Шарова: ) “Я думаю, што ні пра якое вырашэньне праблемаў беларускай эканомікі гаворкі ісьці ня можа ў сувязі з увядзеньнем расейскага рубля. Вы ўжо згадалі, што дзяржава субсыдуе шэраг галінаў эканомікі. Адмаўляючыся ад права эмісіі грошай і разам з тым – ад права крэдытаваць дэфіцыт бюджэту за кошт друкарскага станку, Беларусь шмат губляе. Бюджэтны дэфіцыт – гэта хранічнная праблема для беларускай эканомікі, якая пасьля пераходу на расейскі рубель тольк абвострыцца, бо мы ня зможам ужо ўлучаць па ўласным жаданьні друкарскі станок. У нас вельмі шмат складаных галінаў. І калі яны застануцца бяз звыклай фінансавай падтрымкі, то ім будзе вельмі цяжка. У нас абвострацца праблемы выплаты заробкаў працаўнікам бюджэтнай сфэры, шмат дзяржаўных праектаў ня будуць прафінансаваныя. Магчыма, беларускае кіраўніцтва рыхтуецца цяпер да таго, каб зацягваць пасы. Ідзе гаворка пра ліквідацыю льготаў, растуць тарыфы на камунальныя паслугі, транспарт. Сацыяльныя выплаты скарачаюцца, таму, можна меркаваць, кіраўніцтва сапраўды рыхтуецца жыць у новых умовах, у абмен на трэці прэзыдэнцкі тэрмін”.
(Багданкевіч: ) “Хачу дадаць, што ў кожным выпадку не магчыма выкарыстоўваць эмісію, каб пакрыць дэфіцыт бюджэту, забясьпечыць пакрыцьцё неэфектыўных дзяржаўных праектаў. І ў гэтым я ня бачу праблемы. Я бачу праблему ў тым, што ў рэшце рэшт трэба рэфармаваць эканамічныя адносіны ўнутры краіны. І апошняе выказваньне Лукашэнкі, што дзяржава павінна абавязкова рэгуляваць усе віды дзейнасьці, сьведчыць аб тым, што ўлады дагэтуль не разумеюць неабходнасьці правядзеньня карэннага рэфармаваньня, структурных ператварэньняў. Гэта адзіны шлях да ўратаваньня, і ён, магчыма, нават і ня тычыцца валюты”.