Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці прывядуць супярэчнасьці ў стаўленьні да ваеннай апэрацыі супраць Іраку да новага расколу Эўропы?


Юры Дракахруст, Прага

(Дракахруст: ) “Галоўнай падзеяй тыдня стаў выступ на паседжаньні Рады Бясьпекі ААН дзяржсакратара ЗША Коліна Паўэла. Кіраўнік амэрыканскага замежнапалітычнага ведамства прывёў шэраг доказаў таго, што Ірак не жадае раззбройвацца, падманвае інспэктараў ААН, хаваючы забароненую зброю, і падтрымлівае сувязі зь сеткаю міжнароднага тэрору. Паўэл заклікаў Раду Бясьпекі прыняць цяжкія, але неабходныя рашэньні. Аднак ягоны выступ не прывёў пакуль да кардынальнай зьмены пазыцыяў зубраў міжнароднай палітыкі, і Францыя, і Нямеччына, і Расея выказаліся за працяг працы інспэктараў ў Іраку і супраць ваеннай апэрацыі ў гэтай краіне.

Праўда, Масква і Парыж робяць намёкі, што іх пазыцыя можа зьмягчыцца. Напрыклад, міністар замежных справаў Расеі Ігар Іваноў яшчэ да паседжаньня Рады Бясьпекі заявіў, што Расея не хацела бы ўжываць права вэта на рашэньне аб ваеннай апэрацыі супраць Іраку.

Тым ня менш, прынцыповая пазыцыя Парыжу, Бэрліну і Масквы застаецца ранейшай.

Аднак на гэтым жа тыдні ў падтрымку амэрыканскай палітыкі адносна Іраку выказаліся 10 краінаў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы, аб’яднаных у так званай віленскай ініцыятыве. Сярод краінаў, якія падпісалі гэтую заяву ў падтрымку амэрыканскай пазыцыі, тры – Албанія, Македонія, Харватыя – нават яшчэ не атрымалі запрашэньня ані ў НАТО, ані ў Эўразьвяз.

Варта нагадаць, што два тыдні таму з падобнай заяваю выступілі 8 краінаў НАТО – Італія, Гішпанія, Велікабрытанія, Данія, Вугоршчына, Чэхія, Польшча, Партугалія.

Як бачым, сярод тых, хто гатовы выступіць у вайне з Іракам разам з Амэрыкаю, шмат, так бы мовіць, сьвежасьпечаных сябраў НАТО, кандыдатаў у Эўразьвяз і нават тых, хто яшчэ толькі стаіць у чарзе ў гэтыя арганізацыі аб’яднанай Эўропы. У той жа час краіны, зь якімі ў першую чаргу асацыюецца паняцьце Эўропы – Нямеччына і Францыя – адмаўляюць Амэрыцы ў падтрымцы. На думку міністра абароны ЗША Дональда Рамсфэлда, гэтае парадаксальнае разьмежаваньне сьведчыць пра тое, што ранейшыя ўяўленьні пра Эўропу састарэлі.

(Рамсфэльд: ) “Вы мяркуеце, што Эўропа – гэта Францыя і Нямеччына. Я думаю інакш. Я мяркую, што гэта – старая Эўропа. Калі глядзець на натаўскую Эўропу наагул, то яе цэнтар вагі перасоўваецца на Ўсход. Ёсьць шмат новых сябраў альянсу. Калі вы паглядзіце сьпіс ўсіх сябраў НАТО і тых краінаў, што былі тады запрошаныя, што вы ўбачыце? Дваццаць шэсьць – штосьці каля гэтага. Нямеччына ёсьць праблемай, і Францыя ёсьць праблемай”.

(Дракахруст: ) “У чым прычына, паводле якой бліжэйшыя і наймацнейшыя саюзьнікі Амэрыкі выступілі супраць амэрыканскай пазыцыі адносна Іраку? Свой адказ на гэтае пытаньне прапануе дырэктар праграмаў па краінах СНД Нямецкай рады замежнай палітыкі Аляксандар Рар”.

(Рар: ) “Што тычыцца Нямеччыны, Гергарда Шрэдэра, ён сапраўды будуе сваю палітыку на пацыфісцкіх настроях, якія распаўсюджаныя ў Эўропе і асабліва ў Нямеччыне. Нямеччына прайшла вельмі складаны шлях пасьля капітуляцыі ў 1945-м годзе, і цяперашняе пакаленьне немцаў ставіцца да вайны цалкам нэгатыўна, у адрозьненьні, магчыма, ад іншых народаў Эўропы. Ужо косаўскую вайну Нямеччына ледзь падтрымала. Хутчэй за ўсё, Шрэдэр лічыць, што ягоная папулярнасьць будзе падвышацца, калі ён будзе стаяць на менавіта такіой пазыцыі, якую ён выказаў яшчэ падчас перадвыбарчай кампаніі: “Не – ірацкай вайне”, а дакладней, “Не – нямецкаму ўдзелу ў ірацкай вайне”.

Другая прычына палягае ў тым, што тыя пагрозы, якія адчувае Амэрыка з боку Іраку, тут у Эўропе не адчуваюць. Таму тут Шрэдэр ня можа быць адной думкі з амэрыканскім урадам.

Есьць і трэцяя прычына. Ніхто ня хоча, каб Амэрыка ўжо занадта пайшла наперад. Усе разумеюць, што нейкія войны ў будучыні весьці давядзецца, але Эўропа ўсё больш і больш падымае голас супраць той ролі, якую Амэрыка бярэ на сябе, робячыся жандарам дэмакратычных краінаў. Францыя заўсёды была супраць гэтага, Нямеччына зараз далучылася да яе. Што тычыцца іншых эўрапейскіх краінаў, там хутчэй будзе падтрымка амэрыканскай, а ня франка-нямецкай пазыцыі. Але Францыя і Нямеччына, калі іх пазыцыя ня зьменіцца, змогуць прадэманстраваць, што яны абараняюць старую Эўропу. І калі яны ўтрымаюцца на гэтых пазыцыях, яны здолеюць стварыць альтэрнатыву амэрыканскай палітыцы ў будучыні”.

(Дракахруст: ) “Нямецкі адмысловец Аляксандар Рар выклаў тры асноўныя матывы пазыцыяў Бэрліну і Парыжу: непрыняцьцё вайны як сродку вырашэньня міждзяржаўных праблемаў, адсутнасьць адчуваньня пагрозы з боку Іраку і, нарэшце, геапалітычны разьлік – жаданьне абмежаваць амэрыканскую дамінацыю. Цікава, што тыя ж матывы пазыцыяў Нямеччыны і Францыі, даючы ім, праўда, іншую трактоўку, адзначае амэрыканскі дасьледчык, супрацоўнік цэнтру Heritage Foundation Арыэль Коэн”.

(Коэн: ) “У нашых эўрапейскіх калегаў вельмі неадназначнае стаўленьне да абароны нацыянальных інтарэсаў з ужываньнем сілы. Маім калегам з Эўропы няўтульна слухаць заявы, што ЗША могуць абараняцца ад тэрарызму любымі сродкамі – дыпляматычнымі, калі магчыма, але і ваеннымі, калі неабходна. У Эўропе пасьля другой усясьветнай вайны ўжываньне сілы – гэта нешта экстраардынарнае. Магчыма, у самой старой Эўропе гэта і працуе, і той гвалт, які мы назіралі ў Эўропе на працягу стагодзьдзяў, сапраўды сыходзіць у нябыт. Але нават калі гэта і так, гэта ня значыць, што гвалт сыходзіць у мінулае ў астатнім сьвеце, у сьвеце, які дагэтуль жыве паводле законаў джунгляў.

Адказ ЗША тэрарыстам і тым, хто іх падтрымлівае, будзе самы жорсткі. Калі ў Францыі і Нямеччыны з гэтым ёсьць праблемы, яны ня мусяць удзельнічаць у гэтым, але і ня мусяць падрываць магчымасьць ЗША нанесьці ўдар па тэрарыстах і рэжымах, якія іх спансаруюць.

Я мяркую, што гэта той выпадак, калі справядлівая парымаўка: пакуль гром ня грымне, мужык не перахрысьціцца. Калі, крый Бог, такая атака, як у Амэрыцы 11 верасьня, адбылася б у Парыжы ці ў Бэрліне, то Эўропа запела б іншую музыку”.

(Дракахруст: ) “На думку амэрыканскага дасьледчыка Арыэля Коэна, калі старая Эўропа будзе апаніраваць Амэрыцы, ЗША знойдуць іншых саюзьнікаў, а Арганізацыю Аб’яднаных Нацыяў спасьцігне лёс Лігі Нацыяў, якая зьнікла ў 1930-х гадох мінулага стагодзьдзя, ня здолеўшы спыніць нацысцкую агрэсію”.

(Коэн: ) “Для Нямеччыны і для Францыі, якія лічаць сябе бацькамі-заснавальнікамі Эўразьвязу, ваенная сіла ЗША – бяльмо на воку. Яны робяць усё, што ад іх залежыць, каб абмежаваць магчымасьць ужываньня ваеннай сілы Злучанымі Штатамі, каб паставіць гэтую ваеную сілу пад кантроль Рады Бясьпекі ААН, дзе ў трох эўрапейскіх дзяржаваў – Францыі, Расеі і Велікабрытаніі – ёсьць права вэта. Калі Рада Бясьпекі будзе рашуча змагацца з тэрарызмам і будзе, калі гэта трэба, ужываць сілу, яна застанецца інстытуцыяй, якая бярэ на сябе адказнасьць за вырашэньне праблемаў бясьпекі. Але калі Францыя і, магчыма, Кітай і, магчыма, Расея будуць падрываць здольнасьць Рады Бясьпекі да дзеяньня, то тады Злучаным Штатам давядзецца дзейнічаць у кааліцыі з тымі краінамі, якія жадаюць дзейнічаць. Гэта будзе Велікабрытанія, Аўстралія, у пэўных сытуацыях Турцыя, у іншых – Індыя, а ў іншых, як тое было ў Афганістане – Расея”.

(Дракахруст: ) “Цяперашнія спрэчкі паміж эўрапейскімі краінамі разгарэліся вакол зусім канкрэтнага пытаньня – ваеннай апэрацыі супраць Іраку. Але гэты канфлікт, гэты, калі заўгодна, новы падзел – якія наступствы ён будзе мець для самой Эўропы, для інстытутаў эўрапейскага аб’яднаньня? Гаворыць дырэктар беларускай службы нашага радыё Аляксандар Лукашук”.

(Лукашук: ) “Перш за ўсё, гэта сьведчыць пра тое, што спадзевы, што Эўропа стане контрбалянсам для ЗША, ня спраўдзіліся, гэтая ідэя дала трэшчыну знутры. Агульнага голасу старой Эўропы мы ня чуем, мы чуем два выразна розныя галасы. У пытаньні наконт “звароту васьмі” важна ня толькі тое, якія краіны яго падпісалі, але і тое, якія краіны яго не падпісалі, а яшчэ больш дакладна, не былі запрошаныя падпісаць гэтую дэклярацыю. Нават для каардынатара замежнай палітыкі Эўразьвязу Гаўера Саляны, гэтак жа як і для прэм’ер-міністра Грэцыі, якая старшынюе ў Эўразьвязе, гэты “зварот васьмі” стаў нечаканасьцю. Гэта паказвае, што ў Эўропе ўзьніклі новыя каналы камунікацыяў, новыя інтарэсы.

Эўропа даўно глядзела на краіны былога СССР як на нешта ня вельмі эўрапейскае, як на свой “задні двор”. Але цяперашняя сытуацыя мяняе і гэтую пэрспэктыву.

Падчас зьяўленьня гэтага “звароту весьмі” адбывалася канфэрэнцыя ў Давосе. Там вельмі рэзка крытыкавалі Амэрыку, Колін Паўэл апынуўся там пад градам крытыкі. Але вельмі выразна ў абарону Амэрыкі выступіла ў Давосе расейская дэлегацыя. Рыгор Яўлінскі не прадстаўляе, зразумела, увесь расейскі палітычны спэктар, але тое, што ён сказаў, адчуваюць зараз вельмі шырокія колы, у тым ліку і бізнэс-эліты: “Для Расеі дзьверы ў Эўропу знаходзяцца ў Вашынгтоне”.

(Дракахруст: ) “Польскі адмыслоўца, старшыня Ўсходне-Эўрапейскага дэмакратычнага цэнтру Павал Казанэцкі лічыць, што цяперашнія спрэчкі паміж, так бы мовіць, старой і новай Эўропаю прывядуць да таго, што аб’яднаная Эўропа ня толькі пашырыцца, але і стане больш дэмакратычнай”.

(Казанэцкі: ) “Я мяркую, што памылкай будзе трактаваць розныя пазыцыі Нямеччыны, Францыі і ЗША як канфлікт паміж Эўропаю і Злучанымі Штатамі. Мне здаецца, што пытаньне больш сур’ёзнае – гэта пытаньне будучыні Эўразьвязу ўвогуле, пытаньне таго, як будуць раскладацца палітычныя акцэнты ў гэтай структуры. Дагэтуль палітыку ЭЗ, прынамсі міжнародную, практычна вызначалі Нямеччына і Францыя. Я мяркую, што ў будучым рашэньні будуць прымацца больш дэмакратычна. Можа быць, сёньня разам з пашырэньнем Эўразьвязу адбудзецца перасоўваньне акцэнту на Сярэднюю Эўропу і на Велікабрытанію, якая дагэтуль была “правінцыяй” Эўразьвязу”.

(Дракахруст: ) “Аляксандар Рар прапануе два прагнозы, два сцэнары магчымых наступстваў цяперашняга крызысу аб’яднанай Эўропы”.

(Рар: ) “Можна драматызаваць апошнія падзеі, можна глядзець на іх даволі спакойна. Калі глядзець спакойна, можна сказаць, што і ірацкі крызыс пройдзе, хутчэй за ўсё Амэрыка гэтую вайну хутка выйграе і, магчыма, пасьля Іраку ўсё сьцішыцца. Варта прыгадаць, што афганскую апэрацыю ЗША Нямеччына і Францыя цалкам падтрымалі. Магчыма, яны будуць падтрымліваць акцыю ЗША супраць Паўночнай Карэі, і тады ўвесь гэты канфлікт вакол Іраку будзе проста забыты.

Другі варыянт спакойнага аналізу: праз 2 гады прэзыдэнт Буш можа прайграць выбары і да ўлады прыходзіць прэзыдэнт-дэмакрат, які зноў паварочваецца тварам да старой Эўропы. І тады гэты канфлікт ізноў сыходзіць у гісторыю”.

(Дракахруст: ) “Аднак нямецкі дасьледчык ня выключае, што падзеі могуць разьвівацца і больш драматычна і прывесьці да істотнай зьмены ўсёй эўрапейскай палітычнай канфігурацыі”.

(Рар: ) “Але калі паглядзець на гэта з пункту гледжаньня драматургіі апошніх тыдняў, вымалёўваецца сапраўды неспрыяльная карціна для старой Эўропы. Амэрыканцы адбудоўваюць трансатлянтычнае грамадзтва, далучаюць да яго ня толькі краіны Эўразьвязу, але і кандыдатаў у Зьвяз. Зараз апроч ліста васьмёх зьявіўся ліст дзесяцёх – Румыніі, Баўгарыі, балканскіх краінаў, якія не ўваходзяць ані ў Эўразьвяз, ані ў НАТО і выступаюць за ўмацаваньне трнсатлянтычнага супрацоўніцтва побач з Эўразьвязам. На вачах разбураецца калі не Эўразьвяз, але замежная і абаронная палітыка Эўропы, якая з такімі цяжкасьцямі стваралася на працягу 10 гадоў. Амэрыка ўсё больш пачынае дыктаваць палітыку на эўрапейскім кантынэнце, выкарыстоўваючы новыя краіны Ўсходняй Эўропы як “траянскага каня” для ўварваньня ў палітыку старой Эўропы. Такім чынам, старая Эўропа можа быць маргіналізаваная”.

(Дракахруст: ) “Калі Аляксандар Рар разглядае такі сцэнар як магчымы варыянт, то паводле Арыэля Коэна, ён зьяўляецца амаль непазьбежным, і ня толькі з прычыны амэрыканскага ўплыву, а пад ціскам жорсткіх дылемаў самога інтэграцыйнага працэсу”.

(Коэн: ) “Працэс інтэграцыі ў Эўропе прадугледжвае існаваньне зьнешняга пэрымэтра, у які уваходзяць Польшча, балтыйскія краіны, Вугоршчына, Чэхія. У гэтую пэрыфэрыю Заходняй Эўропы ў свой час увойдзе і Беларусь, калі яна здолее вызваліцца ад палітычнага іга, якое зараз вісіць у яе на шыі, а менавіта – рэжым прэзыдэнта Лукашэнкі. Ядро Эўропы – гэта Францыя і Нямеччына – будуць весьці інтэграцыю на іншым узроўні. Зараз мы бачылі, на апошняй сустрэчы Шырака і Шрэдэра, спробу стварэньня франка-нямецкай дзяржавы. Апошні раз гэта было пры імпэратары Карле Вялікім больш за 1000 гадоў таму, у часы Сьвяшчэнай Рымскай імпэрыі. Наколькі хутка яна распалася, мы ведаем. Пры тым супольным мінулым, якое маюць французы і немцы, я ня бачу пэрспэктывы стварэньня агульнай дзяржавы. Адсюль вынікае, што чым больш Эўропа будзе пашырацца, тым больш рыхлым будзе гэтае аб’яднаньне. І безумоўна, для Беларусі, для Ўкраіны і нават для Расеі тут больш плюсаў, чым мінусаў – гэта магчымасьць падарожнічаць па Эўропе безь візы, потым перасоўвацца па Эўропе ў пошуках працы, прыцягваць інвэстыцыі, інтэграваць юрыдычныя сыстэмы. А мінус – гэта дыктатура бюракратыі з Брусэлю. Сёньня ў Заходняй Эўропе пераважае выканаўчая ўлада. Пакуль у Эўропы ня будзе свайго парлямэнту, судоў, Канстытуцыі, у яе будуць вельмі сур’ёзныя праблемы, і напружаньні будуць захоўвацца”.

(Дракахруст: ) “Меркаваньне Арыэля Коэна – амэрыканскі погляд, погляд грамадзяніна краіны, якая набыла моц, прайшоўшы шлях ад таксама рыхлага саюзу дзяржаваў (штат, state па ангельску, і ёсьць дзяржава) да фэдэрацыі. Але дылемы, якія ён прыгадаў, сапраўды існуюць. Беларуска-расейскі саюз мала чым падобны на Эўразьвяз, але летась ён сутыкнуўся менавіта з такой дылемаю: ці саюз мусіць ператварацца ў адзіную дзяржаву, ці рабіцца ўсё больш рыхлым, няпэўным, супярэчлівым. Ці стаіць перад Эўразьвязам гэтая дылема гэтак жа жорстка? На думку Паўла Казанэцкага, нават пры наяўнасьці рызыкі разрыхленьня Зьвязу ён ня мусіць спыняць пашырэньне на Ўсход”.

(Казанэцкі: ) “Мне здаецца, што больш небясьпечнаю справаю зьяўляецца пабудова новай “жалезнай заслоны” на Бугу і тое, што разам з пашырэньнем Эўразьвязу будуць уведзеныя візы для беларусаў, украінцаў і расейцаў. Польшча, як Вугоршчына і Літва, сёньня ў сваю замежнапалітычную дактрыну ўпісала тэзу, што перад такімі краінамі, як Беларусь і Ўкраіна, мусіць быць адкрытая пэрспэктыва ўступленьня ў ЭЗ. Гэта – вельмі важная пазыцыя. Яе падзяляе шэраг сур’ёзных нямецкіх аналітыкаў. Вельмі важна, каб у міжнародную стратэгію Зьвязу была ўпісаная пэрспэктыва яго далейшага пашырэньня, а не тэндэнцыя зачыненьня гэтай структуры пасьля ўступленьня ў яе ў 2004 годзе 10 новых сябраў. Гэтая апошняя тэндэнцыя дамінуе ва Францыі і даволі распаўсюджаная ў Нямеччыне”.

(Дракахруст: ) “На гэтым тыдні ў спрэчках па ірацкай праблеме паўдзельнічаў і кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка. Прымаючы даверчыя граматы ў новага дыпляматычнага пасланца Багдаду, ён заявіў, што Ірак можа разьлічваць на дапамогу і падтрымку Беларусі, наколькі гэта магчыма ў цяперашняй сытуацыі. Кіраўнік Беларусі дадаў, што рашучасьць, зь якой ірацкі народ адстойвае сваю незалежнасьць, будзе ўзнагароджаная, і патлумачыў, што ягоную пазыцыю падзяляюць найбуйнейшыя краіны Эўропы. Магчыма, на думку Аляксандра Лукашэнкі, замежную палітыку ён вядзе гэтак жа элегантна, як і выйграе выбары. Адной заяваю ён абараніў ад, так бы мовіць, амэрыканскага дыктату ня толькі сябра Садама, але і старыя дэмакратыі Эўропы. Але існуюць і іншыя меркаваньні. Гаворыць прадстаўнік адной з такіх дэмакратыяў, нямецкі дасьледчык Аляксандар Рар”.

(Рар: ) “Ад Лукашэнкі можна чакаць чаго заўгодна, акрамя разумных заяваў. Кожная ягоная заява аддаляе яго ад таго шляху, па якім ён мусіў бы ісьці – ад пабудовы мастоў з Эўразьвязам, з Захадам і з Расеяй. Такой заяваю ён заганяе сябе ў суцэльную ізаляцыю. Амэрыка даўно крытыкуе Лукашэнку за ягоныя сувязі з Іракам. Нямеччыну і Францыю на свой бок ён тым больш не зацягне. І Расея, якая зараз у асобе Пуціна імкнецца супрацоўнічаць з Амэрыкаю, будзе дыстанцыявацца ад такіх заяваў Лукашэнкі. Ён заганяе сваю краіну ў ізаляцыю нават ў такім пытаньні, як ірацкая вайна, якая ў прынцыпе Беларусі ня тычыцца. Шмат назіральнікаў робяць з гэтага выснову, што беларускі лідэр увогуле губляе арыентацыю, як правільна весьці замежную палітыку”.

(Дракахруст: ) “Аляксандар Лукашук падзяляе думку сп. Рара, што сваімі заявамі ў падтрымку Іраку Лукашэнка ня знойдзе сабе сяброў у Эўропе”.

(Лукашук: ) “Мы ведаем, што Аляксандар Лукашэнка спасылаўся на пазыцыю шэрагу эўрапейскіх краінаў, якія выступаюць супраць вайны з Іракам. Лукашэнка падкрэсьліваў, што і ён займае такую ж пазыцыю, нават больш прасунутую ў бок супрацоўніцтва з Іракам. Справа ў тым, што пазыцыя Францыі альбо Нямеччыны ня мае нічога супольнага з пазыцыяй Аляксандра Лукашэнкі паводле сваёй структуры і сваіх прычынаў. Ён зь цяжкасьцю здагадваецца, наколькі ягоны падыход адрозьніваецца ад падыходаў Жака Шырака і Гергарда Шрэдэра. І іх заявы што да Іраку зусім не азначаюць, што нямецкае і францускае МЗС хаця б неяк зьменяць сваё стаўленьне да Беларусі”.

(Дракахруст: ) “Паводле меркаваньня Арыеля Коэна, за гульні з Іракам і іншымі дыктатурамі беларускаму лідэру ў свой час давядзецца трымаць адказ”.

(Коэн: ) “Чалавек, які вядзе адказную палітыку, ніколі б не рабіў такіх заяваў. Прэзыдэнт Пуцін ужо заявіў, што ён ня пойдзе на разрыў з ЗША дзеля ўратаваньня Садама Хусэйна. Садам, гэтак жа, як Кім Чэн Ір – адзін з апошніх дыктатараў плянэты. Відаць, гэтыя людзі чымсьці падабаюцца Лукашэнку, і таму ён робіць такія нястрыманыя заявы, якія прыводзяць Беларусь да канфрантацыі з ЗША, іх саюзьнікамі і з Радаю Бясьпекі ААН. Я не выключаю, што калі вайна з Садамам закончыцца, а хутчэй за ўсё яна закончыцца перамогаю кааліцыі на чале з ЗША, зьявяцца факты, якія пакажуць, што Аляксандар Лукашэнка, парушаючы санкцыі ААН, пастаўляў зброю і, магчыма, нейкія сыстэмы для вытворчасьці зброі масавага зьнішчэньня. Гэтым самым стане відавочным, што ён ставіць сябе па-за межы міжнароднага закону, робіць шкоду прэстыжу і інтарэсам сваёй дзяржавы. І тады раней ці пазьней прыйдзе дзень, калі Аляксандру Рыгоравічу давядзецца адказваць за свае ўчынкі, за сваю любоў да Садама, Кім Чэн Іра, любоў да Ірану. Адказваць перад сваім народам, перад сваімі выбаршчыкамі, перад сваім народам”.

(Дракахруст: ) “Застаецца пытаньне, паводле якіх матываў кіраўнік Беларусі вырашыў ня толькі выказваць пярэчаньні наконт ваеннай апэрацыі супраць Іраку, але (ці не адзіны ў сьвеце) наўпрост абараняць рэжым Хусэйна. Ня выключана, што сапраўдны адрасат ягонай прамовы – расейскі выбаршчык. Сёлета ў Расеі адбудуцца думскія выбары, камуністы – саюзьнікі Лукашэнкі, маюць неблагія шанцы на посьпех. Іх посьпех, дасягнуты пад сьцягам супрацьстаяньня Амэрыцы, мог бы калі не наблізіць беларускага лідэра да Крамля, то хаця б зрабіць больш лёгкімі ягоныя размовы зь цяперашнім Крамлём. Гаворыць нямецкі адмысловец у справах краінаў СНД Аляксандар Рар”.

(Рар: ) “Калі Лукашэнка гэтак лічыць, гэта значыць, што ён недакладна аналізуе працэсы ў расейскім грамадзтве. У расейскім грамадзтве 70% лічаць, што Расея мусіць быць нэўтральнай у вайне ў Іраку. Ніхто ў абарону Іраку на барыкады супраць Амэрыкі лезьці ня хоча. Усе разумеюць, што Пуцін зараз вядзе разумную палітыку, якая больш выгадная для Расеі, для яе эканомікі, чым спробы стварыць нейкі антызаходні саюз. Мяркую, што так мяркуе большасьць выбаршчыкаў, у тым ліку і сярод камуністычнага электарату. Пасьля таго, як Садам Хусэйн выкінуў з Іраку расейскія нафтавыя кампаніі і не зрабіў нічога, каб даць Расеі ролю пасярэдніка ў ягоным канфлікце з Амэрыкаю, у Расеі фактычна няма аніякіх адносінаў. Тут навідавоку яўны палітычны пралік беларускага лідэра, калі ён такім чынам зьвяртаецца да расейскага выбаршчыка”.

(Дракахруст: ) “Гэта было меркаваньне дырэктара праграмаў па краінах СНД Нямецкай рады замежнай палітыкі Аляксандра Рара”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG