Думаючы пра творчасьць Яна Неслухоўскага-Лучыны, якому сёлета на Купальле спаўняецца 150 гадоў, раптам разумееш, як за апошнія два дзесяцігодзьдзі зьмянілася Беларусь. Зусім ня тыя кантэксты. Ранейшыя ацэнкі не задавальняюць, іх цяжка зразумець. Што такое "паэт-народнік" або "паэт-дэмакрат" або "пясьняр народнай долі"? Словы, якія сёньня, у часы посткамунізму і інтэрнэту нічога ня значаць. Можа і сама паэзія Неслухоўскага перастала прамаўляць да сучасных душаў і закранаць пачуцьці? Можа гэта сёньня ўсяго толькі літаратурны помнік? Дэкаратыўнае словаспляценьне? Вось жа адказаць на гэтае пытаньне я паспрабую ў сёньняшняй перадачы.
Першая ідэя -- перачытаць творы паэта менавіта як жывую паэзію. Гэта значыць, адшукаць у іх тыя ноты, якія б гучалі актуальна і цяпер. Найперш гэта тычыцца экзыстэнцыйных матываў. Далей -- пазнавальныя дэталі і вобразы, зь якімі не аднойчы сустракаўся сам. Забягаючы наперад, заўважу, што і першае і другое ў вершах Неслухоўскага ёсьць. Але найперш пачытаем крытыку, і ў ёй паміж дэфініцыяў "паэта-дэмакрата" і "паэта-народніка" знойдзем адэкватныя для сёньняшняга розуму вызначэньні.
Першую тлустую рысу пад творчасьцю Яна Неслухоўскага падвёў ягоны сучасьнік, рэдактар варшаўскай "Праўды" Аляксандар Сьвентахоўскі. Радкі з гэтага тэксту, прысьвечанага сьмерці паэта, яшчэ ў 60-я гады мінулага стагодзьдзя прывёў у сваёй кнізе Адам Мальдзіс:
"У Менску памёр чалавек, якога ня ведала шырокая грамадзкасьць, якога гісторыя літаратуры не ўвекавечыла на сваіх старонках, а пасьля сьмерці часопісы не прысьвяцілі яму нават дробнай нататкі. Стоячы ўдалечыні, на ўзьмежку, ён ня быў фаварытам, ня меў падтрымкі, ня стаў пестуном якога-небудзь часопіса, не здабыў сабе сяброў, якія напісалі б нэкралёг, хаця ў сваёй душы ён хаваў і талент і запал. Ён палюбіў прыроду, прытым літоўскую прыроду, на яе ўлоньні выхаваўся і яе прывабнасьцю захапіўся. Быў ён чалавекам добрым і справядлівым, змог у сабе падтрымліваць агонь духоўнага энтузіязму, нягледзячы на фізычныя пакуты".
Можна дапусьціць, што менавіта з гэтых паблажлівых радкоў пачалася традыцыя прыніжэньня Лучынавага таленту. Пасьля не аднойчы мы прачытаем пра недастатковую адоранасьць паэта Неслухоўскага. І заўсёды будзем адчуваць неабгрунтаванасьць гэтых ацэнак. Урэшце, дзеля чаго тады столькі ўвагі нейкаму нязначнаму эпігону? І чаму тады менавіта Лучынавы вершы сталі адпраўным пунктам для літаратуры нашаніўскае пары?
Што да невядомасьці Неслухоўскага для шырокай грамадзкасьці, дык з варшаўскім аўтарам можна паспрачацца. У папярэдніх перадачах мы ўжо гаварылі, што Янка Лучына, верагодна, быў добра вядомы ў правінцыйным Менску, калі ад імя месьцічаў вітаў са сцэны гарадзкога тэатру заежджыя трупы. Зрэшты самая постаць гэтага чалавека на мыліцах, які штодня хадзіў на працу ў чыгуначную ўправу, не магла ня кідацца ў вочы менчукам. Пра гэтыя фізычныя пакуты і Лучынаў паралюш мы таксама згадвалі раней. Гутарка ішла пра магчымую сымуляцыю, якая вызваляла паэта ад працы паводле разьмеркаваньня на Каўказ.
Традыцыю прыніжэньня творчае значнасьці Неслухоўскага працягнулі якраз нашаніўцы, у прыватнасьці, Максім Гарэцкі ў сваёй "Гісторыі беларускае літаратуры" пісаў:
"У нашай паэзіі Неслухоўскі ідзе сьледам за Багушэвічам, з каторым ён адначасна і пісаў. Уплывы Багушэвіча ясна відаць на яго творчасьці. Аднак паэзія Неслухоўскага бяднейшая; няма ў ёй той выразнасьці матываў і таго багацьця фарбаў, што ў Багушэвіча; слабейшая сацыяльная сьведамасьць і не зусім выразная сьведамасьць нацыянальна-беларуская. Быць можа, тут пашкодзіла ахвота ўславіцца ў літаратуры польскай, у каторай Неслухоўскі, аднак, неарыгінален і мала відзен, -- ён толькі пераказвае там другіх, асабліва Сыракомлю. У гісторыі нашае літаратуры Неслухоўскі вызначаецца мяккасьцю паэтычных тонаў і лірычнасьцю. У слоўніку яго можна адзначыць некаторыя русізмы, прышчэпленыя, мусіць, расейскаю школаю, як: грудзь замест грудзі, кружась замест кружачыся, робячы кругі, ня даш замест не дасі (гэта ж разам і польшчына) і іншыя".
Максім Гарэцкі ўжо адкрыта піша, што паэзія Неслухоўскага бяднейшая за паэзію Багушэвіча. І якраз у Гарэцкага пачынаюцца тыя незразумелыя сёньня вызначэньні, з гаворкі пра якія я пачаў перадачу. Што такое "слабейшая сацыяльная сьведамасьць"? І ці можа яна быць крытэрам ацэнкі паэзіі? Зрэшты як і сьведамасьць нацыянальная. Відавочна Гарэцкі паддаўся моднай за савецкім часам сацыялягізацыі, якую пазьнейшай парою крытыкі назавуць вульгарнай.
Дасьледчыкі найноўшага часу пазьбягалі параўнаньня паэзіі Лучыны з творчасьцю Багушэвіча. Скажам, Уладзімер Мархель папярэднікам Неслухоўскага называе толькі Сыракомлю:
"Прадаўжаючы эстэтычныя традыцыі літаратуры Беларусі сярэдзіны 19 ст., ён аставаўся традыцыйным у польска- і рускамоўных творах і адначасова быў наватарам у вершах, напісаных па-беларуску, дзе ўзаемадзейнічалі рэалістычныя і рамантычныя пачаткі".
Духоўным бацькам Неслухоўскага са спасылкай на колішніх польскіх рэцэнзэнтаў называе Сыракомлю і Адам Мальдзіс.
Што да спалучэньня рэалістычных і рамантычных пачаткаў, дык тут ёсьць пра што задумацца ў нашу эпоху постмадэрнізму. Ня так проста ў цяпершчыне вычуць гэтыя самыя рамантычныя пачаткі. Няхай сабе ў вершах, дзе многае тлумачыцца чыстай дэкаратыўнасьцю. Але як уявіць гэткі лад думак і настрой душы не ў паэзіі, а ў жыцьці? Як уявіць сабе рамантычнага чалавека сёньня? Згадваю, што за савецкім часам такіх пытаньняў і жаданьняў не ўзьнікала. Бо менавіта для савецкага часу быў уласьцівы рамантызм. Усё экзыстэнцыйнае і нэарэалістычнае ў той утопіі ўсеагульнага шчасьця было супрацьпаказанае. Прынамсі, усё гэта вытыркалася на агульным тле, зь якога пры тым ніяк не выпадалі і нават не адчуваліся ў агульным філязофска-псыхалягічным клімаце ані рамантызм таго самага Сыракомлі, ані нават рамантызм Купалы. Яшчэ дваццаць гадоў таму гэтыя вершы было цяжка датаваць паводле мэтаду. Чыстым архаізмам гучалі барочныя і клясыцыстычныя творы, а вось рамантычныя часьцяком былі нібы сёньня напісаныя. І вось прайшлі гэтыя гады, і рамантызм "здаўся", набыў характэрнае гучаньне архаікі. Сама сабою пачалася глябальная пераацэнка каштоўнасьцяў. Калі літаратура -- гэта паралельнае жыцьцё, дык рамантычная літаратура перастала быць паралельнай менавіта нашаму жыцьцю, як тое было за савецкім часам.
Сучасная энцыкляпэдычная характарыстыка ўжо не параўноўвае Неслухоўскага з Багушэвічам і ня піша пра бяднейшую творчасьць паэта. Яна карэктна сьцьвярджае, што ў творах Лучыны -- вытокі беларускай філязофскай лірыкі. Але напэўна ж ня толькі гэта.
Зьвернемся да вершаў, у якіх я абяцаў адшукаць матывы і вобразы, зразумелыя сучаснаму чалавеку і такім чынам спраўдзіць, наколькі творчасьць Лучыны жывая, ці яна не састарэла. Дзеля чысьціні эксэпрымэнту я бяру толькі тыя творы, якія былі напісаныя па-беларуску. Польскамоўныя вершы, перакладзеныя на беларускую нашымі сучасьнікамі -- ладнейшыя, але вымагаюць многіх агаворак і дапушчэньняў. Вось твор, які мае назву "Роднай старонцы". Услухайцеся ў гэтыя неадназначныя радкі:
Ты параскінулась лесам, балотамі,
Выдмай пясчанай, неураджайнаю,
Маці-зямліца, і умалотамі
Хлеба нам мерку ня даш звычайную.
А сын твой, беднаю адзет сярмягаю,
З лыка пляцёныя лапці абуўшы,
Едзе драбінамі ці калымагаю,
Конем, што цягне, як бы заснуўшы...
Усё ў табе бедна. Часта заплача
Мужык араты дзеля злой долі,
Цяжка працуючы. Ён жа, аднача,
З табой расстацца ня жджэ ніколі.
І непрыглядную хату з пажыткамі,
І поле скупое, выган бяз пашы
Мы, апрануўшыся старымі сьвіткамі,
Любім і цэнім -- бо яны нашы.
Дасьць Бог крывавым потам аратаму
Здабрыць пясчану зямліцу здарыцца,
Быць добра сытаму, хоць не багатаму,
А дзеля празьніка чарка нам зварыцца.
Сонца навукі скрозь хмары цёмныя
Прагляне ясна над нашай ніваю,
І будуць жыці дзеткі патомныя
Добраю доляй -- доляй шчасьліваю!..
У гэтым вершы мы, сёньняшнія паяжджане на вёску, знаходзім адэкватнае сваім пачуцьцям адлюстраваньне. Колькі сустракаецца на нашым шляху гэтых непрыглядных хатаў з пажыткамі, скупых палёў ды зарослых выганаў бяз пашы. У Лучынавы часы беларуская вёска зазнавала гэткае самае запусьценьне, як і сёньня. Толькі сёньня мы тое "любім і цэнім, бо яны нашы" паўтараем з радасьцю ад таго, што на нашай зямлі сканчаецца панаваньне савецкай індустрыялізацыі і буйства прыроды вяртае краю ягонае сапраўднае аблічча. У Неслухоўскага ж былі іншыя прычыны выказаць гэткае пачуцьцё: "любім і цэнім, бо яны нашы". Крыху пазьней я вярнуся да гэтага радка, які дасьць нам магчымасьць зрабіць вельмі сур'ёзную выснову пра зьмест усёй беларускай паэзіі на мяжы 19 і 20 ст. Пакуль жа адзначу слова, якое лучыць нашыя пачуцьці. "Цэнім" -- гэта наша слова з нашага ХХІ ст.
Між іншым, далей у цытаваным вершы, які ў зборніку "Вязанка" ў 1903-м выдалі самыя першыя беларускія нацыяналісты, мы чытаем зусім нечаканую страфу, што вызначыла, магчыма і ўсю будучыню беларускай справы і ідэі:
Сонца навукі скрозь хмары цёмныя
Прагляне ясна над нашай ніваю,
І будуць жыці дзеткі патомныя
Добраю доляй -- доляй шчасьліваю!..
Хто б сёньня не падпісаўся пад гэтымі радкамі! Але я не пра тое. Сонца над "нашай ніваю". На той час ніва – знакавае расейскае слова. Назва пецярбурскага часопіса, частае слова ў паэзіі папулярнага тады Някрасава. Няма сумневу, што менавіта з гэтага Лучынавага верша паходзіць назва галоўнай беларускай газэты "Наша Ніва". Але вяртаючыся да абяцанае высновы, я і адсюль вазьму толькі адно слова – наша. Разам выходзіць: цэнім наша.
Прыклад Неслухоўскага-Лучыны дае зусім нечаканую ў параўнаньні з ранейшай крытыкай трактоўку плачу беларускіх паэтаў па роднай старонцы і нараканьняў на неўмалот ды нішчыміцу. Пазьнейшыя паэты пад уплывам згаданага Някрасава сапраўды станавіліся плакальнікамі над доляй беларускага мужыка, "паэтамі-народнікамі". Але ў Лучыны падставаў для такога сацыяльнага рыданьня не было. Ягоны плач мае зусім іншы кантэкст.
Тыповы беларускі паэт другой паловы ХІХ -- пачатку ХХ ст. быў шляхціцам. Ці то Лучына, ці то Купала. Можна сабе ўявіць атмасфэру сем'яў, у якіх яны выхоўваліся, дзе штодня гаварылася пра колішняе багацьце, скарб і гонар, пра тое, колькі дзед меў зямлі, сялянаў і маёнткаў, пра тое, як бацька страціў усё дзедава багацьце ў выніку расейскае акупацыі, пра тое, як брата за антырасейскае паўстаньне пад кіраўніцтвам Каліноўскага саслалі ў Сыбір. Дык вось іхны плач па роднай старонцы насамрэч быў плачам па адабранай маёмасьці. Зусім не сялянскае нараканьне на сацыяльную няроўнасьць, а менавіта абурэньне беларускай арыстакратыі на зьняважаную сваю мову, веру і адабраную зямлю. Янка Неслухоўскі-Лучына -- бясспрэчны клясык і галоўны выразьнік гэтага настрою.
Зямля і ніва – наша -- не ў філязофскім, не ў абстрактным сэнсе, а "паводле дакумэнтаў", паводле фамільнае памяці. Зямля забраная ў нас незаконна і несправядліва.
Ужо наступнікі Неслухоўскага пачнуць тыражаваць той плач і ў тыражаваньні паступова страціцца, згубіцца ягоны праўдзівы кантэкст. Словы пра беднасьць ды неўмалот стануць разумецца і пісацца ў дачыненьні да мужыка, народа менавіта з сацыяльным значэньнем. А выгадаваны далёка ад Беларусі Максім Багдановіч, не зразумеўшы рэальнага вытоку гэтых нараканьняў, усклікне: "Кінь вечны плач свой аб старонцы". Тым самым любімы паэт нацыі выкрые праўду пра край, якім у часе кароткатэміновага прыезду быў літаральна зачараваны, і няпраўду беларускай арыстакратыі, пад якой тая арыстакратыя хавае свае патаемныя пачуцьці. Багдановіч нібы заклікае паэта-шляхціца: паглядзі, якая твая старонка прыгожая і ў сапраўднасьці багатая! Не, запярэчыў бы яму Янка Лучына, не магу я бачыць сваю бясконца любімую зямлю прыгожай ды багатай, калі яе топча чужацкі бот.