Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітыка ўладаў у сельскай гаспадарцы і настрой вясковага электарату.


Віталь Тарас, Прага

(Тарас: ) “Мы паведамлялі ў нашых перадачах аб тым, як мясцовыя ўлады альбо кіраўнікі калгасаў спрабуюць ўсімі праўдамі і няпраўдамі ня даць калгасьнікам – найперш, мэханізатарам звальняцца з працы? Тое, што гэта незаконна і нават нагадвае ў чымсьці прыгоннае права – гэта відавочна. Але з чым зьвязаныя такія захады – з тым, што ў часе пасяўной проста не хапае рабочых рук. Ці гэта звычайнае самаўпраўства начальства, традыцыйнае для калгаснай сыстэмы?”

(Ярашук: ) “Па-першае, я хачу зазначыць, што гэта, усё-ткі, пакуль яшчэ не сыстэма. Асобныя выпадкі ёсьць, але гаварыць аб тым, што гэта мае масавы характар, я б не хацеў. Але, скажам так, раз, другі ў розных месцах – дык зь цягам часу гэта на самой справе можа пераўтварыцца ў сыстэму. Чым гэта выклікана?

Напэўна, трэба гаварыць, што такім чынам канкрэтныя кіраўнікі гаспадарак і раёнаў на самой справе хочуць вырашыць праблему рабочых рук. Таму што ў некаторых рэгіёнах, можна сёньня казаць, рабочай сілы недастакова. І трэба мець на ўвазе, што адтоку людзей з калгасаў спрыяе, перш за ўсё, нізкі заробак, і яны хочуць пайсьці працаваць у іншыя мейсцы, дзе плоцяць больш.

І калі характарызаваць гэтую зьяву наогул, дык канечне яна не вытрымлівае ніякай крытыкі: я маю на ўвазе гэтыя забарончыя мэтады. Правам тут ніякім і не пахне, а больш ужо нагадвае, сапраўды, прыгон. І тут прынамсі два пытаньні. Першае – прававое ці палітычнае, таму што калі дзяржава прэтэндуе на ролю прававой, яна ня мае права забараняць ісьці на працу туды, куды хочаш. І другая акалічнасьць – эканамічная.

Спрабаваць вырашыць праблему кадраў вось такім мэтадам, адміністрацыйным, камандным, дзеля таго, каб мацаваць эканоміку канкрэтнай гаспадаркі – гэта проста глупства. Я інакш не магу сказаць. Таму што як правіла размова ідзе аб лепшым работніку, затрымліваюць лепшага, не даюць яму права вызваліцца.

Канечне, калі яму забараняць пайсьці туды, куды ён хоча, дык гэта не азначае, што ён на старым месцы ў калгасе будзе пасьля гэтага працаваць надта прадуктыўна. Я лічу, што гэта проста тупіковы шлях і з пункту гледжаньня эканамічнага жыцьця. Я падазраю, што тыя кіраўнікі, якія прымаюць гэтыя рашэньні, маюць на ўвазе і гэты пункт гледжаньня”.

(Тарас:) “Спадар Лугін! Ці згодныя Вы з тым, што тыя факты, пра якія мы гаварылі, пакуль ня маюць яшчэ сыстэмнага характару?”

(Лугін: ) “У цэлым можна згадзіцца з Аляксандрам Ярашуком. На самой справе, масавага характару яны ня маюць. Яны больш распаўсюджаныя ў калгасах, якія разьмешчаныя бліжэй да гарадоў, дзе лягчэй уладкавацца на працу. І гэтыя зьявы даўно ўжо маюць месца. Напрыклад, я дакладна ведаю, што ў Полацкім раёне яшчэ гады два таму таксама прымалі такую пастанову.

Але я лічу, што няма сэнсу рабіць з гэтага трагедыі, таму што ў цэлым сыстэма сельскай гаспадаркі – гэта ў поўным сэнсе гэтага слова “прыгоннае права.” І тое, што сялянаў не адпускаюць, і тое, як яны там працуюць, і тое, як ім плоцяць заробкі – усё гэта сыстэма рабства. А тое, што цяпер некаторыя старшыні райвыканкамаў прымаюць такія рашэньні – я хацеў бы заўважыць, што, па-першае, ужо няма такіх мэханізатараў у калгасах, якіх можна было прымаць кудысьці на працу. Там засталіся адны п’яніцы, і іх ужо ніхто нідзе ня возьме на працу.

А па-другое, тое, што старшыні райвыканкамаў прымаюць такія пастановы, сьведчыць, што яны проста хочуць падстрахавацца, як бы паказаць вышэйстаячай уладзе, што яны прымаюць усе меры, каб падрыхтавацца да пасяўной кампаніі. Правесьці яе арганізавана. Гэта такая мера, якая нічога ня дасьць, але каб у сьпісе мерапрымстваў можна было паставіць птушку: маўляў яны не спалі ў шапку, а нешта рабілі”.

(Тарас: ) “Перш чым працягнуць размову, літаральна некалькі апошніх паведамленьняў БелаПАН на тэму сельскай гаспадаркі.

“Аляксандар Лукашэнка прыняў з дакладам старшыню Менскага Аблвыканакаму Мікалая Дамашкевіча, які даклаў, як ідуць вясновыя палявыя работы… Кіраўнік аблвыканкаму праінфармаваў аб напружанай сытуацыі з забесьпячэньнем пасяўной кампаніі палівам і прасіў прэзыдэнта дадаткова вылучыць паліўны таварны крэдыт з улікам абавязацельства Менскай вобласьці сабраць у 2001 годзе 2 мільёны тон збожжа.”

І другое паведамленьне:

“У Беларусі створаны рэспубліканскі штаб у пытаньнях вясновай сяўбы і ўборкі ўрадажю…Кіраўніком штабу згодна з пастановай Савету міністраў прызначаны намесьнік прэм’ер-міністра Аляксандар Папкоў, а намесьнікам – міністар сельскай гаспадаркі і харчаваньня Міхаіл Русы” .

У склад штабу ўключаны цэлы шэраг кіраўнікоў рознага рангу. У мяне такое пытаньне. Утварэньне штабоў, гэты стыль кіраўніцтва, калі бяруцца нейкія “падвышаныя абавязацельствы”, калі старшыні рай- і аблвыканкамаў даюць справаздачу непасрэдна вышэйшаму кіраўніку дзяржавы. Ці адбыліся тут нейкія зьмены? Ці адчуцваюць старшыні калгасаў, проста калгасьнікі той самы ціск, што і раней?

(Лугін: ) “Можна пра гэта шмат гаварыць. Але я сказаў бы адным словам. Гэта тыповы савецкі “дурдом”. Нічога гэтыя “штабы” зрабіць ня могуць, таму што не працуе сама сыстэма. Я дадаў бы, што эфэктыўнай калгасная сыстэма ня можа быць паводле вызаначэньня, таму што людзі працуюць не на сябе. А для таго, каб яны працавалі, трэба ўсё больш і больш наглядальнікаў і паганятых. І ў выніку ў нас узрастае колькасьць людзей, якія кіруюць і зьмяншаецца колькасьць людзей, якія працуюць.

Напрыклад, у ЗША на аднаго чыноўніка ў сельскай гаспадарцы – 47 працаўнікоў, а ў Беларусі, паводле зьвестак Беларускага навукова-дасьледчага інстытуту аграрнай эканомікі, на аднаго ўпраўленца прыпадае ўсяго 8 працаўнікоў. Бачыце, якая розьніца?

Я б прывёў тут словы Пімена Панчанкі, які сказаў: “Мой родны край! Як мы жывем пагана! Што ні пасеем мы – усё сажруць. Чыноўніцкія орды Чынгіс-хана зь мільёнаў кабінэтаў пруць і пруць!” Дык вось, гэтыя чыноўніцкія орды нічога ня могуць зрабіць. Трэба мяняць гэтую сыстэму”.

(Тарас: ) “Сп. Ярашук! Калі вялікія, часам, празьмерныя правы дадзеныя адміністрацыі, кіраўнікам райвынканкамаў, вэртыкалі – як у гэтай сытуацыі можа абараніць правы сялянаў прафсаюз? Ці ўдаецца гэта рабіць зараз?”

(Ярашук:) “Па-першае, я хачу проста сказаць людзям, што яны павінны ведаць: ёсьць арганізацыя, якую яны самі стварылі – гэта прафсаюзы, куды яны могуць адправіць свой запыт з канкрэтнай просьбай, і мы заўсёды ў такім выпадку ім будзем дапамагаць. Калі не дапаможа суд ці пракуратура, калі яны хочуць нейкіх канкрэтных дзеяньняў, дык мы заўсёды будзем бараніць іх інтарэсы. Таму што, паўтараю, гэта ня толькі парушэньне канкрэтных законаў, але і парушэньне інтарэсаў простага чалавека, селяніна”.

(Тарас: ) “Сп. Ярашук! Вам, напэўна, вядомы настрой і кіраўніцтва калгасаў, і простых калгасьнікаў. У сувязі з тым, што сёлета павінныя адбыцца прэзыдэнцкія выбары – ці зьмяніўся стыль паводзінаў мясцовага кіраўніцтва? Ці могуць спадзявацца сяляне, што нешта зьменіцца да лепшага? Магчыма, лягчэй людзьмі кіраваць і праводзіць выбарчыя кампані на сяле. Заўсёды так раней было. На вашую думку, ці маюць шанцы палітычныя партыі, ці ёсьць сэнс і патрэба працаваць ім зь вясковым электаратам?”

(Ярашук: ) “Я хачу сказаць, што назапашваецца і павялічваецца рэсурс чаканьня пераменаў і ў тым асяродзьдзі, якое мы маем на ўвазе – на вёсцы. Гэта безумоўны факт, з майго пункту гледжаньня. І тыя людзі, якія, скажам, думаюць над сваёй будучыняй, будучыняй дзяцей – яны сёньня адзназначна прыйшлі да высновы, што патрэбныя перамены. Калі гэтых пераменаў ня будзе, дык яны ніякай будучыні для сябе і сваіх дзяцей у беларускай вёсцы на бліжэйшую пэрспэктыву ня бачаць.

І што б там ні гаварылі пра беларускую вёску – што гэта кансэрватыўная частка нашага грамадзтва, тым ня менш я падкрэсьліваю, што гэтыя людзі гатовы да пераменаў і чакаюць іх. І яны могуць сваё слова сказаць і ў выбарах прэзыдэнта”.

(Тарас: ) “Сп.Лугін! Як Вы лічыце, ці дастаткова надаюць увагі сытуацыі на сяле палітычныя партыі дэмакратычнага лягеру, ці ўсе магчымасьці тут выкарыстаныя?”

(Лугін: ) “Я мушу заўважыць, што тыя палітычныя сілы, якія арыентуюцца на вёску, яны таксама сур’ёзна рыхтуюцца да выбараў і праводзяць пэўную арганізацыйную работу. Так, напрыканцы мінулага году быў створаны камітэт “Зямля й воля”. Сама назва гаворыць пра тое, што гэты аргкамітэт мае намер больш працаваць у сельскай мясцовасьці ды ўцягнуць сельскі электарат у падрыхтоўку выбарчай кампаніі.

І тут галоўная задача – псыхалягічная. Людзі прывыклі чакаць добрага цара. Ім трэба паказаць, калі не Лукашэнка – дык хто? І нам важна разьбіць гэтую псыхалягічную перашкоду. Бо важна ня тое, хто прыйдзе, які ён, а тое, што ён будзе рабіць па-іншаму. Фактычна, Лукашэнка за сем год свайго кіраваньня паказаў, як ня трэба рабіць. А мы павінны паказаць людзям, што і як трэба зрабіць, як выйсьці з гэтага цяжкога становішча.

У “Белорусской ниве” надрукаваны артыкул Усюкевіча, які піша, што 10-15 працэнтаў грошай штогод сяло не вяртае. Гэта значыць, укладваецца на 10-15 працэнтаў больш, чым вяртаецца. Значыць, трэба даказаць, што сыстэма сама не працуе.

І ў гэтым сэнсе ў аргкамітэце аб’ядналіся й дзейнічаюць і Сялянская партыя, і частка Аграрнай партыі, якая не пайшла ў падпарадкаваньне да Лукашэнкі, і Беларускі саюз фэрмераў, прафсаюзы аграпрамысловага комплексу. І што вельмі важна, амаль уся беларуская аграрная навука ўключылася ў гэты працэс і выступае за перамены. І мы, што можам, будзем рабіць і зробім, каб зьмяніць гэты рэжым”.

(Тарас: ) “Мы гаварылі амаль увесь час пра палітыку. Цяпер я прапаную вярнуцца да самых надзённых праблемаў. Сп. Ярашук! Што сёньня найперш турбуе селяніна? Які яго паўсядзённы клопат?”

(Ярашук: ) “Ну, канечне, гэта заробкі. Таму што яны самыя нізкія з усіх катэгорыяў працоўных, і не сягаюць нават паловы заробкаў, якія маюць працуючыя ў прамысловасьці. І на сёньняшні дзень якія спробы ні прымаюцца (трэба аддаць належнае, што час ад часу гэтыя спробы робяцца, і выплата заробкаў пад жорсткі кантролем з боку ўладаў), увесь фокус у тым, што няма чаго плаціць.

Часта ў канкрэтнай гаспадарцы кіраўнік вымушаны знаходзіць самыя неверагодныя сродкі, каб нейкім чынам разьлічыцца па заработнай плаце. Скажам, па нейкую дату пазыкі па заробках адсякаюцца, затым яны зноў, як хвост у яшчаркі адрастаюць. І, пэўна, так будзе працягвацца доўга, таму што, я падкрэсьліваю пакуль проста няма сродкаў, крыніц, зь якіх суб’екты гаспадараньня – калгасы й саўгасы маглі б выплочваць заробкі.

А калі няма заробкаў, калі яны яшчэ, да таго ж, нерэгулярна выплочваюцца – можна уявіць сабе настрой мэханізатара, які заняты на пасяўной кампаніі, ці даяркі, калі яны ня маюць элемэнтарных сродкаў, каб утрымліваць сваю сям’ю, дзяцей і самых сябе”.

(Тарас: ) “Спадар Лугін! Мы яшчэ не гаварылі нічога пра фэрмэраў. На Вашую думку, ці засталася такая катэгорыя людзей, як фэрмеры, у Беларусі? Які настрой зараз сярод іх пануе сёлета?”

(Лугін: ) “Складанае пытаньне. Справа ў тым, што калі ў свой час утваралі фэрмэрскую сыстэму, яшчэ пры Кебічы, дык мне здаецца, яе рабілі толькі для таго, каб паказаць некалькі асобаў МВФ: маўляў, глядзіце, у нас ёсьць розныя формы гаспадараньня ў Беларусі, і хай яны працуюць і даказваюць сваю жыцьцяздольнасьць.

Але калі ў часы Кебіча нейкія ўмовы яшчэ ствараліся для фэрмэраў – і льготныя крэдыты давалі, і можна было прыдбаць тэхніку, дык цяпер усё гэта перакрыта. І новаму фэрмэру пачаць з нуля фактычна немагчыма.

І за гэты пэрыяд, як пачала разьвівацца фэрмэрскія гаспадаркі, недзе каля 2000 зь іх спынілі сваё існаваньне.

У нас фэрмэрства зусім бы прыпыніла ўжо сваю дзейнасьць. Справа ў тым, што трымаюцца толькі фэрмэры “першай хвалі”, якія прыйшлі ў фэрмерства ў 91-м годзе, калі інфляцыя дазволіла разьлічыцца за крэдыты літаральна адной тонай збожжа. А астатнія перабываюць у рэжыме выжываньня.

Ды й калгасная сыстэма, фактычна, хутка спыніць сваё існаваньне. І калі ўжо Лукашэнка прызнаў, што 25 працэнтаў калгасаў – “ляжачыя”, і немагчыма іх рэанімаваць, дык гэта пра многае гаворыць. Калі ён кажа “25 працэнтаў”, дык можна гаварыць пра 70 працэнтаў.

І вельмі хацеў бы адзначыць адну дэталь. Экс-міністар сельскай гаспадаркі Васіль Лявонаў пастаянна ціснуў на Лукашэнку: давайце будзем рабіць рэформы, бо йнакш уся гэтая сыстэма хутка загіне. І мабыць, да таго надакучыў Лукашэнку, што той яго ўзяў ды засунуў на турэмныя нары. Але ж сытуацыя ад гэтага не палепшылася. Тады толькі адзін Лявонаў з усіх чыноўнікаў патрабаваў ад Лукашэнкі рэформаў. Цяпер жа ўсе яны гавораць пра іх, бо кожнаму, нават сьляпому чыноўніку бачна, што сыстэма не працуе, і трэба ўсё гэта мяняць”.

(Тарас:) “На заканчэньне хачу толькі заўважыць, што кепскі стан эканомікі ці нейкай галіны – у гэтым выпадку, сельскай гаспадаркі, сам па сабе не гарантуе зьменаў, нават калі неабходнасьць іх разумеюць дзяржаўныя чыноўнікі высокага рангу. Досьвед Беларусі апошніх год пацьвярджае гэта. Але ж калі мае рацыю лідэр прафсаюзу аграрнікаў, і ў сельскіх працаўнікоў сапраўды зьявілася усьвядомленае жаданьне зьменаў, дык ніякія драканоўскія захады з боку дзяржавы з мэтай утрымаць сялянаў у калгасным стане ўжо не дапамогуць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG