НЭДЖЭФ. У Нэджэфе й Куфе аднавіліся баі паміж амэрыканскімі сіламі й ірацкімі паўстанцамі. Паведамляецца, што ў баёх з прыхільнікамі шыіцкага клірыка Мактады Аль Садра 5 іракцаў загінулі, а 14 былі параненыя. Тры чалавекі загінулі ў выніку мінамётнага й аўтаматнага абстрэлу ў Куфе й два ў Нэджэфе. Баі аднавіліся наступнага дня пасьля таго, як была дасягнута дамоўленасьць пра спыненьне агню.
Раней шыіцкі клірык Мактада Ас-Садр заявіў, што ён гатовы вывесьці ўсіх паўстанцаў, якія не паходзяць з Нэджэфу, каб дазволіць ірацкім сілам патруляваць горад. Ён таксама выступіў з прапановаю перамоваў зь іншымі шыіцкімі лідэрамі й прадстаўнікамі Кіроўчай рады Іраку. Аднак, паводле прадстаўніка кааліцыйных сілаў Дэна Сэнара, ЗША ня маюць намеру скасаваць ордэр на арышт Ас-Садра ў сувязі з абвінавачаньнем яго ў забойстве год таму другога шыіцкага лідэра.