ЯЛТА Сёньня тут пачаўся саміт кіраўнікоў Беларусі, Казахстану, Расеі і Украіны, якія ўваходзяць у пагадненьне пра адзіную эканамічную прастору. Гэтае пагадненьне было падпісанае чатырма кіраўнікамі дзяржаваў ў леташнім верасьні і ратыфікаванае парляментамі.
Сёньня праходзяць двухбаковыя сустрэчы. Аляксандар Лукашэнка ўжо правеў перамовы з Леанідам Кучмам, адбылася таксама сустрэча кіраўніка Беларусі з прэзідэнтам Расеі Ўладзімерам Пуціным.
Расейскі прэзідэнт адзначыў, што нягледзячы на шэраг складанасьцяў, якія ўзьнікалі ў двухбаковых адносінах апошнім часам, Беларусь займае другое мейсца пасьля нямеччыны ў зьнешнегандлёвым абароце Расеі. Ён , аднак, дадаў, што спрэчных пытаньняў, на жаль , шмат.
Кіраўнік Беларусі падзякаваў Уладзімера Пуціна за тое, што расейскі прэзідэнт знайшоў магчымасьць абмеркаваць пытаньні, што існуюць у беларуска-расейскіх адносінах.
На пытаньне расейскіх журналістаў наконт газавых праблемаў, Аляксандар Лукашэнка адказаў пытаньнем: “Вам што – газу не хапае? Нам хапае”.