БАГДАД. У Багдадзе ў выніку выбуху загінуў лідэр Кіроўнай Рады Іраку Абдул Захра Отман Мохамад, вядомы таксама як Эзэдзін Салім, і яшчэ прынамсі дзевяць асобаў. Выбух, які адбыўся блізу блякпасту ля штабу кааліцыі, зьнішчыў тры аўтамабілі. Паводле словаў прадстаўніка вайсковага камандаваньня ЗША Марка Кіміта, выбух зрабіў самазабойца, які сядзеў за рулём аўтамабілю. Салім быў лідэрам шыіцкага іслямскага руху “Даава” ў Басры, і ён быў другім сябром Кіроўнай Рады, які загінуў у выніку тэракту.
Тым часам, новы кіраўнік Кіроўнай Рады Іраку Хазі Імашал Аджыл Ал-Явэр гэтак выказаўся пра забойства свайго папярэдніка:
“Гэты злачынны жудасны акт прывёў да вялікай страты, але браты пакутніка Эзэдзінна Саліма і сябры Кіроўнай Рады ня будуць адступаць са шляху, якому Салім прысьвяціў усё сваё жыцьцё – шляху да свабоды і шчасьця нашых людзей, шляху да аднаўленьня дэмакратычнага , фэдэральнага і адзінага Іраку”
-- сказаў новы кіраўнік Кіроўнай Рады Іраку Хазі Імашал Аджыл Ал-Явэр