БАГДАД: Невядомы нападнік застрэліў сёньня як мінімум дзьве супрацоўніцы кааліцыйных сілаў у Іраку, якія працавалі ў якасьці перакладчыцаў. Сьведкі і ірацкая паліцыя паведамілі, што нападнікі атакавалі аўтамабіль на сталічнай аўтамагістралі. У выніку выбуху у Багдадзе адзін амэрыканец загінуў, а другі быў паранены. Паводле капітана Брэндана Андэрсана, амэрыканскія вайскоўцы застрэлілі сёньня двух ірацкіх паўстанцаў у Наджафе. Сёньня паведамлялася таксама пра спарадычныя перастрэлкі паміж амэрыканцамі і паўстанцамі, прыхільнікамі шыіцкага клірыка Мугтады Аль Садра ў Карбалі . Сёньня амэрыканскія танкі занялі пазыцыі ў цэнтры гэтага гораду недалёка ад шыіцкіх сьвятыняў. У горадзе Насырыя, выбух бомбы на рынку параніў 20 чалавек. Яшчэ 4 чалавекі былі параненыя ў часе перастрэлкі паміж італьянскімі вайскоўцамі і ірацкімі паўстанцамі.
Дзярж-сакратар ЗША Колін Паўэл паўтарыў, што Вашынгтон поўны рашучасьці перадаць ўладу ў рукі іракцаў 1 ліпеня. Выступаючы перад журналістамі ў часе Усясьветнага Эканамічнага Форуму ён сказаў:
” Мы правялі вельмі плённыя дыскусіі цягам апошніх 24 гадзін. Яны канцэнтраваліся вакол сытуацыі ў Іраку і нашай рашучасьці дазволіць ірацкаму народу дасягнуць сувэрэнітэту над сваёй краінай 1 ліпеня.
Паўэл адзначыў, што кааліцыйныя сілы будуць супрацоўнічаць з новым урадам дзеля таго, каб стварыць спрыяльныя ўмовы для правядзеньня ў студзені наступнага году ўсеагульных выбараў.
Дзярж-сакратар ЗША паўторна выказаў шкадаваньне з прычыны дрэннага абыходжаньня з ірацкімі вязьнямі. Раней, прабачэньня папрасіў сам прэзыдэнт Джжордж Буш. Пэнтагон запярэчыў паведамленьням мас-мэдыяў аб тым, што міністр абароны Дональд Рамсфэльд асабіста дазволіў ужываць жорсткія метады допыту дзеля атрыманьня паказаньняў. На інтэрнэт-старонцы часопісу Ню Ёркэр гаварылася, што жорсткія метады допыту сяброў Аль Кайды былі дазволеныя Пэнтагонам ужо у Афганістане. Рамсфэльд назваў гэтую інфармацыю “незразумелымі, заведама хлусьлівымі, ананімнымі здагадкамі”.
Дараднік ў пытаньнях нацыянальнай бясьпекі ЗША Кандаліза Райс заявіла, што Масква і Вашынгтон згодныя ў тым, як дасягнуць стабілізацыі ў Іраку. У інтэрв’ю Тэлеканалау НТВ яна адзначыла, што абедзьве краіны дамовіліся наконт таго, як рухацца наперад, аднак не паведаміла ніякіх падрабязнасьцяў. Райс выступіла з гэтай заявай дзень пасьля сваёй сустрэчы з прэзыдэнтам Пуцінам ды іншымі расейскімі прадстаўнікамі. Сёньня яна накіроўваецца ў Бэрлін, дзе з нямецкімі лідэрамі абмяркуе сытуацыю ў Іраку і на Блізкім Усходзе.