ВАШЫНГТОН. У сэнацкай камісіі ўзброеных справаў ЗША сёньня адбываюцца слуханьні, прысьвечаныя сытуацыі ў ваенных турмах у Іраку. Асноўны сьведка – амэрыканскі генэрал Антоніа Тэгуба, аўтар унутрывайсковой справаздачы аб зьдзеках з ірацкіх зьняволеных у турме Абу-Грайб .
Арганізацыя “Міжнародная амністыя” надрукавала справаздачу, у якой адзначаюцца неадэкватныя дзеяньні брытанскіх вайскоўцаў у Іраку, якія прывялі да гібелі бязьвінных людзей. Прадстаўніца гэтай праваабарончай арганізацыі Лэслі Уорнэр, выступаючы па тэлебачаньні заявіла:
“Мы заклапочаныя тым, што ваенныя не правялі неабходных дасьледаваньняў у сувязі са сьмерцю мірных жыхароў. Мы страчваем давер ірацкага народу – з той прычыны, што няма празрыстасьці ў гэтым пытаньні, няма дакладнасьці -- як выплаціць кампэнсацыю пацярпелым. А гэта сапраўды сур’ёзная праблема на гэты момант.” - сказала Лэслі Уорнэр.
Міністар абароны Вялікабрытаніі Джэф Хун паведаміў учора дэпутатам парлямэнту, што расьледаваньне дзеяньняў брытанскіх вайскоўцаў ужо вядзецца.