Каля 50 былых амэрыканскіх дыпляматаў сёньня зьбіраюцца апублікаваць адкрыты зварот да прэзыдэнта Буша з нагоды ягонай палітыкі на Блізкім Усходзе. Гэтая палітыка, на іх думку, вядзе да страты Амэрыкай даверу і прэстыжу ў сьвеце. Дыпляматы крытыкуюць падтрымку Бушам палітыкі ізраільскага прэм’ера Арыэля Шарона, у прыватнасьці практыку пазасудовых забойстваў лідэраў палестынцаў, будаўніцтва так званай сьцяны бясьпекі вакол палестынскіх тэрыторыяў і падтрымку пляну аднабаковага вываду ізраільскіх войскаў і пасяленьняў з Паласы Газа, які не падтрымліваецца палестынцамі.
З аналягічным лістом да кіраўніка брытанскага ўрада Тоні Блэра раней выступіла група былых англійскіх амбасадараў.