ПАЛАСА ГАЗА. Прынамсі два палестынскія вайскоўцы былі забітыя ў выніку ізраільскай атакі ў Паласе Газа сёньня раніцай. Болей за 15 вайскоўцаў і мясцовых жыхароў былі параненыя. Прадстаўнікі міжнародных пасярэднікаў ЗША, Расеі, Эўразьвязу й ААН сёньня сустрэнуцца ў Н’ю-Ёрку з тым, каб абмеркаваць ізраільска-палестныскі канфлікт. Уначы ізраільскія войскі занялі пазыцыі вакол рэзыдэнцыі кіраўніка Палестынскай Аўтаноміі Ясіра Арафата на Заходнім Беразе Ярдана. Паводле прадстаўнікоў ізраільскага камандаваньня, вайскоўцы шукаюць асобаў, якіх абвінавачваюць у тэрарызьме, аднак сама апэрацыя не тычыцца штаб-кватэры палестынскага лідэра. Прэм’ер-міністар Ізраілю Арыэль Шарон заявіў учора ўвечары, што можа скарэктаваць свой плян вываду войскаў і эвакуацыі габрэйскіх паселішчаў з Паласы Газа пасьля таго, як большасьць сябраў ягонай партыі Лікуд адкінулі гэты плян. У той жа дзень большасьць дэпутатаў ізраільскага парлямэнту выказала падтрымку Арыэлю Шарону.