БАГДАД. Прадстаўнікі амэрыканскіх войскаў паведамілі, што 21 вязень загінуў і каля ста былі параненыя мінамётным абстрэлам турмы ў Багдадзе.
Тым часам каля 50 сем’яў сёньня вярнулася ў ірацкі горад Фалуджа пасьля інфармацыі пра перамір’е паміж амэрыканскімі войскамі ды ірацкімі ваяўнікамі. Амэрыканскія войскі па-ранейшаму трымаюць Фалуджу ў аблозе, але паведамляецца, што ў самім горадзе сёньня збольшага спакойна. Прадстаўнікі ЗША і мясцовыя лідэры заклікаюць ваяўнікоў скласьці зброю.
Сёньня ж пасланьнік Арганізацыі аб’яднаных нацыяў у Іраку Лахдар Брагімі назваў вельмі добрымі шанцы на прыняцьце новай рэзалюцыі ААН у справе Іраку.
Учора Гандурас далучыўся да Гішпаніі, абвесьціўшы, што хуткім часам выведзе свае войскі з Іраку. Сёньня Баўгарыя і Румынія пацьвердзілі, што іх вайскоўцы застануцца ў складзе кааліцыі.