Лінкі ўнівэрсальнага доступу

[ 20:08 ]  Кіроўная рада Іраку заклікала да спыненьня агню


Кіроўная рада Іраку заклікала да агульнанацыянальнага перамір’я. Камандуючы амэрыканскімі войскамі ў Іраку генэрал-лейтэнант Рыкарда Санчэс паведаміў, што перад вайскоўцамі ЗША пастаўленая задача забіць альбо ўзяць у палон радыкальнага шыіцкага лідэра Мактаду аль-Садра. “Задача амэрыканскіх войскаў – забіць альбо ўзяць у палон Ас-Садра. Што да нашых дадзеных наконт ягонага месцазнаходжаньня, то зараз неналежны момант казаць пра гэта”. Сказаў генэрал Санчэз з амэрыканскага камандаваньня ў Іраку. Ён паведаміў таксама, што амэрыканскія сілы сёньня аднавілі кантроль над гарадамі Кут і Насірыя. У Наджафе ірацкія паліцыянты вярнуліся да кантролю вуліц, гэта ўдалося пасьля перамоваў з шыіцкімі актывістамі. Раней новы ірацкі дарадца ў справах нацыянальнай бясьпекі Мувафак Ар-Рубаі сёньня заклікаў жыхароў гораду Фалуджа выдаць адказных за забойства у мінулым месяцы чатырох амэрыканскіх цывільных спецыялістаў. Рыкарда Санчэс паведаміў, што сытуацыя ў Фалуджы, дзе цягам тыдня ішлі баі паміж сіламі кааліцыі і суніцкімі атрадамі, сёньня застаецца спакойнай, перамір’е выконваецца. Паводле Кіміта, амэрыканскія марскія пехацінцы могуць узяць пад кантроль Фалуджу, але разьлічваюць на палітычнае рашэньне. Перамовы таксама ідуць у горадзе Наджаф, які кантралюецца шыіцкімі злучэньнямі на чале з радыкальным лідэрам Аль-Садрам.
XS
SM
MD
LG