КРАЎФОРД. ТЭХАС. ЗША. Прэзыдэнт Злучаных Штатаў Джордж Буш адрынуў абвінавачаньні ў тым, што ён не надаў дастатковай увагі дакладу спэцслужбаў пра магчымасьць правядзеньня тэрактаў баевікамі “Аль-Кайды” на амэрыканскай тэрыторыі. Паводле Буша, дакумэнт не ўтрымліваў папярэджаньняў пра тэракты 11 верасьня. Даклад Цэнтральнай выведнай управы быў перададзены прэзыдэнту 6 жніўня 2001 году, за месяц да тэрарыстычных нападаў у Нью-Ёрку і Вашынгтоне, ахвярамі якіх сталі каля трох тысячаў чалавек. У дакумэнце, у прыватнасьці, гаварылася пра намер тэрарыстаў “Аль-Кайды” выкрасьці самалёты.