За апошнія суткі ў Іраку загінула прынамсі 20 чалавек і 24 паранена пад час абстрэлаў, ракетнай атакі ў Багдадзе і выбуху дарожнай міны ў Масуле, -- паведамілі крыніцы ў ірацкай паліцыі і амэрыканскім вайсковым камандаваньні.
Сёньня ў Багдадзе экспэрты ААН ў справе арганізацыі выбараў павінны сустрэцца з прадстаўнікамі акупацыйнай кааліцыі.
Экспэрты прыбылі ў Ірак учора з мэтай дапамагчы ў перадачы іракцам сувэрэнітэту над краінай ад акупацыйных сілаў, што заплянавана на 30 чэрвеня. Таксама экспэрты ААН паспрыяюць ў падрыхтоўцы правядзеньня ў Іраку выбараў на пачатку наступнага года.
У Ірак сёньня дадаткова прыбыло 120 японскіх салдат, якія займаюцца выкананьнем гуманітарных задачаў у паўдзённа-ірацкім горадзе Самаваг.