ПРАГА: Міжнародны Інстытут Прэсы з сядзібай у Вене ( Ай-Пі-Ай) паведаміў, што мінулы год быў найболей крывавы для рэпарцёраў і адным з найбольш небясьпечных для журналістаў увогуле. У апублікаванай сёньня справаздачы гаворыцца, што летась 45 журналістаў загінулі ў 19 розных краінах сьвету. Яшчэ 19 журналістаў загінулі ў Іраку ў выніку страляніны, самагубчых атакаў, хваробаў, аварыяў і памылковага абстрэлу з боку кааліцыйных сілаў. Міжнародны Інстытут Прэсы асудзіў Кітай, Паўночную Карэю, Расею, Беларусь і Ўкраіну за абмежаваньні свабоды слова і распаўсюджваньне інфармацыі. У асобнай справаздачы, іншая арганізацыя - Камітэт Абароны Журналістаў паведаміў, што летась 36 журналістаў загінулі непасрэдна выконваючы свае прафэсыйныя абавязкі.