МАСКВА Панядзелак, 9-е лютага аб’яўлены ў расейскай сталіцы днём жалобы па загіблых у выніку выбуху ў мэтро. Пра гэта абвесьціў сёньня мэр Масквы Юры Лужкоў. Мэр Масквы таксама паведаміў, што ў горадзе будзе ўзмоцнены кантроль за прыезжымі, больш жорсткім стане рэжым рэўістрацыі.
Выбух адбыўся раніцай у пятніцу. Паводле афіцыйных дадзеных загінула 39 чалавек, 134 чалавекі былі параненыя. Зараз у маскоўскіх шпіталях застаюцца 105 пацярпелых, 20 зь іх – у вельмі цяжкім стане. Моц выбуховага прыстасаваньня была эквівалентнай 5 кілаграмам трацілу. Паводле галоўнай вэрсіі сьледства выбух у мэтро – тэракт, зьдзейсьнены тарарыстам-самазабойцам.
Прэзідэнт Расеі Ўладзімер Пуцін , выступаючы ўчора, ня выключыў, што выбух у мэтро быў спробаю паўплываць на вынікі сакавіцкіх прэзідэнцкіх выбараў:"Ёсьць прыклады сінхранізацыі такіх злачынстваў з некаторымі элемэнтамі ўнутры самой Расейскай Фэдэрацыі. Ня выключаю, што гэта будзе выкарыстана і падчас палітыячных дэбатаў у межах кампаніі па выбарах прэзідэнта Расейскай Фэдэрацыі і будзе выкарыстана ў якасьці рычага ціску на дзейнага кіраўніка дзяржавы".