БАНГКОК. Тайляндзкія ўлады паведамілі сёньня пра сьмерць хлопчыка, які хварэў на птушыны грып. Гэта ўжо пятая ахвяра небясьпечнай хваробы ў Тайляндзе. Таксама сёньня Віетнам паведаміў пра сьмерць ад птушынага грыпу маладой дзяўчыны. Пітэр Кордынглі, прэсавы сакратар Усясьветнай арганізацыі здароўя, канстатаваў сёньня вельмі хуткія тэмпы пашырэньня птушынага грыпу:
“Гэта прыярытэтнае пытаньне. Куранятаў трэба зьнішчаць. Іх забіваюць у вялікіх колькасьцях, але ў нас ёсьць падставы падазраваць, што вірус робіць сваё хутчэй, чым тыя, што зьнішчаюць птушак. Пашырэньне віруса працягваецца. Цяпер ён зарэгістраваны ўжо ў 12 кітайскіх правінцыях. Ёсьць усе падставы дапускаць, што ён будзе пашырацца далей”.
Афіцыйныя асобы з Усясьветнай арганізацыі здароўя занепакоеныя небясьпекаю зьмяшэньня віруса птушынага грыпу і віруса грыпу, на які хварэюць людзі. Камбінаваная мутацыя віруса можа несьці выключную небясьпеку для людзей, якія ня маюць імунітэту да яго.