НЬЮ-ЁРК. Рада бясьпекі ААН абавязала ўсе краіны-сябры арганізацыі да 31 сакавіка ўвесьці ў дзеяньне санкцыі супраць тэрарыстычнай сеткі "Аль-Кайда" й групоўкі “Талібан”. ААН ухваліла гэтыя санкцыі яшчэ ў 2001 годзе, аднак, блізу 100 краінаў, у асноўным, з Афрыкі ды Азіі не перадалі справаздачаў пра свае дзеяньні на шляху да ўвядзеньня санкцыяў. Рада бясьпекі таксама адзінагалосна ўхваліла зварот да кіраўніцтва Грузіі й Абхазіі. У звароце ААН заклікае абодва бакі канфлікту як мага хутчэй дасягнуць дамовы ў пытаньні будучага статусу рэгіёна. Рада бясьпекі таксама патрабуе ад абодвух бакоў спыніць падтрымку ідэі ўзброеных канфліктаў.