ЛЁНДАН. Генэральны дырэктар Бі-Бі-Сі Грэг Дайк падаў сёньня ў адстаўку сьледам за кіраўніком Рады апекуноў карпарацыі Гэвінам Дэйвісам. Напярэдадні ў спэцыяльным дакладзе судзьдзя лорд Гатан заявіў, што Бі-Бі-Сі неабгрунтавана абвінаваціла ўрад Тоні Блэра ў перабольшваньні пагрозы, якую нёс рэжым Садама Хусэйна. Лорд Гатан праводзіў расьсьледаваньне прычын сьмерці ўрадавага экспэрта ў пытаньнях узбраеньняў Дэвіда Келі. Келі скончыў жыцьцё самагубствам пасьля таго, як стала вядома, што ягоная інфармацыя паслужыла за аснову рэпартажу Бі-Бі-Сі.
Таксама сёньня карпарацыя Бі-Бі-Сі афіцыйна папрасіла прабачэньне “за свае памылкі”, а таксама перапрасіла тых, “чыя рэпутацыя пацярпела ў выніку гэтых памылак”.