Лінкі ўнівэрсальнага доступу

[ 07:47 ]  Джордж Буш выступіў з зваротам "Аб становішчы ў краіне"


Прэзыдэнт ЗША Джордж Буш выступіў сёньня ў Кангрэсе з штогадовым зваротам “Аб становішчы ў краіне”. Галоўнай мэтаю для ЗША Буш назваў дасягненьне “дэмакратычнага сьвету”. Як і чакалася, Буш пачаў з тэмы місіі Злучаных Штатаў, падкрэсьліў, што гістарычная роля ЗША ляжыць менавіта ў змаганьні з тэрарызмам. Амэрыканскі прэзыдэнт чарговым разам заявіў пра апраўданасьць ваеннай апэрацыі ў Іраку. “Калі б мы не зрабілі захадаў, праграмы Хусэйна для стварэньня зброі масвага зьнішчэньня працягваліся б і сёньня”, – сказаў Буш. Пры гэтым ён ніяк не камэнтаваў таго факту, што за час зь леташняга красавіка амэрыканцам не ўдалося знайсьці ў Іраку ані хімічнай, ані біялягічнай зброі. Буш даволі выразна абазначыў блізкаўсходні вэктар амэрыканскай замежнай палітыкі. Ён паведаміў, што накіруе ў Кангрэс законапраект, каб удвая павялічыць выдаткі на падтрымку “свабодных выбараў, свабодных рынкаў, свабоднай прэсы й свабодных прафсаюзаў на Блізкім Усходзе”. У ходзе выступу Буш падкрэсьліў, што Злучаным Штатам не патрэбны нічый дазвол для абароны амэрыканскіх грамадзянаў. Злучаныя Штаты амэрыканскі прэзыдэнт назваў краінаю, у якой ёсьць місія. “Вялікая рэспубліка ўзначаліць справу свабоды”, – заявіў Джордж Буш. Буш гаварыў ня толькі пра місію ЗША й амэрыканскую замежную палітыку –таксама й пра эканоміку й некаторыя сацыяльныя пытаньні. У прыватнасьці, амэрыканскі прэзыдэнт запрапанаваў спэцыяльныя падатковыя льготы для тых, хто ня здатны купіць мэдычную страхоўку. Гаворачы пра інстутут шлюбу, Буш падкрэсьліў, што гэты інстытут абаронены законам як саюз мужчыны й жанчыны. Паводле Буша, калі судзьдзі пачнуць зьмяняць гэтае палажэньне, то, магчыма, спатрэбіцца канстытуцыйная забарона на гомасэксуальныя шлюбы. Спартоўцаў амэрыканскі прэзыдэнт заклікаў зрабіць усё магчымае, каб выкараніць ужываньне допінгу. Выступ Джорджа Буша ў кангрэсе ЗША шмат разоў перарываўся працяглымі воплескамі. Экспэрты тэлекампаніі CNN падлічылі, што чысты час Бушавага выступу склаў сорак пяць хвілін, яшчэ дзевяць хвілін пайшлі на воплескі. Cёньняшняя прамова Буша фактычна пачала ягоную перадвыбарчую кампанію. Выбары новага прэзыдэнта ЗША адбудуцца ў лістападзе. Напярэдадні Бушавага выступу газэта “Washington Post” і тэлевізія “ABC News” абнародавалі вынікі апошняга сацыялягічнага апытаньня. Згодна зь імі, Бушу давяраюць 58 працэнтаў амэрыканцаў.
XS
SM
MD
LG