САНТА-МАРЫЯ, КАЛІФОРНІЯ. Майкл Джэксан не прызнаў сябе вінаватым па выстаўленых яму абвінавачаньнях. Паседжаньне суду ў каліфарнійскім мястэчку Санта-Марыя доўжылася каля пяці хвілін і праходзіла за зачыненымі дзьвярыма. Папярэднія судовыя слуханьні прызначаныя на 13 лютага. Джэксана вінавацяць па дзевяці пунктах, у прыватнасьці ва ўчыненьні распусных дзеяньняў у адносінах да малалетніх, а таксама ў дачы малалетнім дурманлівых рэчываў з мэтаю зрабіць злачынства. Па суме вінавачаньняў сьпеваку пагражае да 24 гадоў пазбаўленьня волі.