ТБІЛІСІ. Пераможца прэзыдэнцкіх выбараў у Грузіі Міхаіл Саакашвілі заявіў пра намер распачаць шырокую антыкарупцыйную кампанію. У інтэрвію агенцтву “Associated Press” Саакашвілі ня выключыў, што гэтая кампанія можа закрануць і былога прэзыдэнта Грузіі Эдуарда Шэварнадзэ. Паводле словаў Саакашвілі, гаворка ў гэтым выпадку ідзе не пра помсту, а пра вяртаньне дзяржаве незаконна прысвоенай маёмасьці.
Сярод сваіх асноўных задач на пасадзе прэзыдэнта краіны Саакашвілі назваў устанаўленьне добрых дачыненьняў з эўрапейскімі краінамі, ЗША й Расеяй. Як чакаецца, інаўгурацыя новага прэзыдэнта Грузіі адбудзецца 25 студзеня.
Злучаныя Штаты дапамогуць новым грузінскім уладам адбудаваць эканоміку й змагацца з карупцыяй, – пра гэта заявіў прадстаўнік дзярждэпартамэнту ЗША Рычард Баўчэр. Вашынгтон таксама гатовы паспрыяць у перамовах пра зьніжэньне замежнага доўгу Грузіі, які складае цяпер мільярд сямсот пяцьдзесят мільёнаў даляраў.