НЬЮ-ЁРК. Генэральны сакратар ААН Кофі Анан перасьцярог, што акты гвалту ў Аўганістане могуць паставіць пад сумнеў правядзеньне сёлета ў гэтай краіне агульных выбараў. У сваім звароце да Рады Бясьпекі ААН Кофі Анан канстатуе, што міратворчы працэс у Аўганістане дасягнуў “крытычнага пункту”. За апошнія тры месяцы ў краіне ўчынена больш нападаў на цывільных асобаў, чымся за мінулыя два гады. Учора пры выбуху бомбы ў горадзе Кандагар на поўдні Аўганістану загінулі 12 чалавек. Анан назваў гэтае злачынства “агідным актам гвалту”. За пэрыяд ад леташняга жніўня хваля праліцьця крыві забрала ў Аўганістане звыш 400 жыцьцяў.