ТБІЛІСІ. Паводле папярэдніх неафіцыйных вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў у Грузіі, пераможцам стаў Міхаіл Саакашвілі, за якога прагаласавалі болей за 90% выбарнікаў. Прыхільнікі Саакашвілі ўжо пачалі сьвяткаваць перамогу. Адразу пасьля выбараў Міхаіл Саакашвілі сказаў, што грамадзяне Грузіі далі яму мандат на барацьбу з карупцыяй. Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі краіны Зураб Чыябэрашвілі сёньня паведаміў, што ўдзел у выбарах узялі 83% зарэгістраваных выбарнікаў краіны. Некаторыя з 500 міжнародных назіральнікаў адзначаюць пэўныя парушэньні заканадаўства падчас галасаваньня, аднак істотных парушэньняў зафіксавана не было.