КАБУЛ: З сёньняшняга дня афганцы маюць новую Канстытуцыю, якая пракладзе шлях да першых дэмакратычных выбараў пасьля 25 гадоў грамадзянскай вайны. Апрацоўка асноўнага закону была завершаная ўчора ў выніку кансэнсусу дасягнутага пасьля трох тыдняў дэбатаў з удзелам 500 дэлегатаў Нацыянальнага Сходу-Лоя Джырга. Калі Канстытуцыя будзе ўхваленая, у чэрвені сёлета адбудуцца ў Афганістане прэзыдэнцкія выбары. Новую Канстытуцыю Афганістану віталі: генеральны сакратар ААН Кофі Анан, які назваў яе гістарычнай падзеяй, а таксама прэзыдэнт ЗША Джордж Буш, які адзначыў, што дэмакратычны Афганістан дапаможа ў барацьбе з тэрарызмам і спыніць хвалю уцекачоў з краіны. Амбасадар ЗША у Афганістане Залмай Халізад адзначыў, што новая афганская Канстытуцыя найболей прагрэсыўная ва ўсім іслямскім сьвеце. Паводле новай Канстытуцыі, Афганістан будзе іслямскай рэспублікай з прэзыдэнцкай сыстэмай кіраваньня і двухпалатным парляментам, а мужчыны і жанчыны будуць мець роўныя правы. Афіцыйнымі мовамі будуць пашту і дары, але роўнапраўнымі будуць таксама мовы розных меншасьцяў.