БАГДАД. Пяць чалавек загінулі і ня менш за дваццаць параненыя ў выніку выбуху, які здарыўся ўвечары на адной з цэнтральных вуліц усходняга Багдаду. Паблізу аднаго з рэстаранаў сьмяротнік падарваў аўтамабіль з выбухоўкаю. У момант здарэньня ў рэстаране знаходзілася каля 30 чалавек – яны сабраліся на сьвяткаваньне Новага году. Раней сёньня 8-гадовае ірацкае дзіця загінула, а пяць амэрыканскіх салдатаў былі параненыя пры выбуху машыны ў цэнтры Багдаду. Таксама сёньня курдзкая паліцыя застрэліла двух чалавек, а 14 параніла падчас дэманстрацыі ў горадзе Кіркук. Арабскае й туркмэнскае насельніцтва Кіркуку патрабавала, каб горад застаўся пад кантролем цэнтральных ірацкіх уладаў. Дэманстранты выступалі супраць пляну фэдэралізацыі Іраку, згодна зь якім Кіркук мае ўвайсьці ў курдзкую частку фэдэрацыі.