ТЭГЕРАН. Іранскія вайскоўцы й ратаўнікі знайшлі сёньня яшчэ пяцярых чалавек, якія засталіся жывыя пад руінамі пасьля землятрусу ў горадзе Бам.
Іранскія ўлады й замежныя гуманітарныя арганізацыі працягваюць змаганьне з наступствамі землятрусу. Асноўная задача цяпер — прадухіліць пашырэньне хваробаў праз брудную пітную ваду, халоднае надвор’е і гніцьцё трупаў, што засталіся пад руінамі будынкаў.
На мінулым тыдні ад землятрусу ў Баме загінулі больш за 30 тысячаў чалавек. Дзясяткі тысячаў засталіся бяз даху над галавой. Асноўныя задачы ратавальнікаў цяпер – ачышчэньне пітной вады й мэдычная дапамога, у тым ліку прышчэпкі супраць магчымых хваробаў.