ВАШЫНГТОН. У Злучаных Штатах робяцца дадатковыя захады з мэтаю не дапусьціць пашырэньня на жывёлагадоўчых фэрмах “каровінага шаленства”. На фэрме ў штаце Вашынгтон, дзе на пачатку гэтага тыдня быў выяўлены першы ў ЗША выпадак хваробы, у карантын адпраўлены яшчэ адзін статак. Спэцыялісты спрабуюць вызначыць крыніцу захворваньня. Улады ЗША тым часам цьвердзяць, што небясьпекі для спажыўцоў няма. Экспарт амэрыканскай ялавічыны скараціўся на 90 працэнтаў – забарону на яе пастаўкі ўвялі амаль 30 краінаў сьвету. Узбуджальнік “каровінага шаленства” можа перадавацца чалавеку й выклікаць сьмяротную хваробу.