ЛЁНДАН. Спроба зьвязацца з навуковым модулем “Бігл-2” пры дапамозе радыётэлескопа, разьмешчанага пад ангельскім Манчэстэрам, аказалася безвыніковай. Гэта была ўжо чацьвертая спроба выйсьці на сувязь зь “Біглам-2” – навуковы модуль павінен быў 25 сьнежня прызямліцца на Марсе. Раней учора сыгналаў “Бігла-2” не ўдалося выявіць і амэрыканскаму касьмічнаму апарату “Марс Адысэй”, які знаходзіцца на калямарсіянскай арбіце. Прадстаўнікі Эўрапейскага касьмічнага агенцтва па-ранейшаму заяўляюць, што будуць працягваць спробы ўстанавіць сувязь з модулем “Бігл-2”. “Бігл-2” – першая эўрапейская экспэдыцыя на Марс. Яе мэта – дасьледаваць глебу й атмасфэру Марсу.