БАГДАД
Амэрыканскія вайскоўцы сёньня арыштавалі некалькіх мусульманскіх экстрэмістаў, зьвязаных з былым галоўным дарадцам Садама Хусэйна – гэнералам Ізатам Ібрагімам Дуры. Як паведаміў прадстаўнік амэрыканскага камандаваньня Уільям Адамсан, трое экстрэмістаў былі арыштаваныя ў горадзе Бадуба, дзе заўважаная істотная актыўнасьць ірацкіх партызанаў. Сёньня ж у паўночным ірацкім горадзе Масул невядомым быў забіты галоўны гарадзкі судьдзя -- курд Юзэф Хашы. Тым часам Эўразьвяз зрабіў свой першы ўнёсак (8 мільёнаў эўра) у міжнародны фонд для адбудовы Іраку. Гэта першая частка з 200 мільёнаў эўра, якія Эўразьвяз паабяцаў унесьці падчас канферэнцыі ў кастрычніку. Кіраўнітва Фондам аднаўленьня Іраку ажыцьцяўляецца ААН і Сусьветным Банкам.