ГЕРЗЛІЯ (ІЗРАІЛЬ). Міністар замежных справаў Нямеччыны Ёшка Фішэр сёньня скрытыкаваў пабудову Ізраілем сьцяны на Заходнім беразе ракі Ярдан. Фішэр падкрэсьліў, што сьцяну будуюць на палестынскіх тэрыторыях, а не на мяжы паміж Ізраілем і Заходнім берагам – на гэтак званай “зялёнай лініі”. Фішэр выказаў сваю заклапочанасьць ў размове з прэм’ер-міністрам Ізраілю Арыелем Шаронам, а пасьля выступіў на канфэрэнцыі ў пытаньнях бясьпекі ў паўночнаізраіьскім горадзе Герзлія. На той жа канфэрэнцыі міністар фінансаў Ізраілю Бэньямін Нэтаньягу заявіў, што ізраільскі ўрад выдаткуе яшчэ 160 мільёнаў даляраў на пабудову сьцяны. Шмат хто з палестынцаў баіцца, што Ізраіль скарыстае сьцяну, каб аднабакова правесьці мяжу з будучай палестынскай дзяржавай. Ізраільскі ўрад кажа, што жадае толькі абараніць сваіх грамадзянаў ад самагубчых тэрактаў.