Лінкі ўнівэрсальнага доступу

[ 15:12 ]  Подпісаў для імпічмэнту прэзыдэнта Літвы дастаткова


ВІЛЬНЯ. Старшыня літоўскага парлямэнту Артурас Паўлаўскас сёньня паведаміў прэзыдэнту Літвы Раландасу Паксасу, што для імпічмэнту прэзыдэнта сабрана ўжо 87 подпісаў дэпутатаў. Каб распачаць працэдуру імпічмэнту дастаткова 36 дэпутацкіх подпісаў. Але арганізатары імпічмэнту хацелі паказаць, што ў парлямэнце дастаткова сіл каб зьмясьціць прэзыдэнта. Паводле літоўскіх законаў, для гэтага патрабуецца 85 дэпутацкіх галасоў. Сабраныя подпісы маюць заўтра перадаць у парлямэнт для стварэньня камісіі, якая будзе разглядаць падставы для імпічмэнту. Прэзыдэнта Паксаса вінавацяць у парушэньні Канстытуцыі ў шасьці выпадках. Некалькі тыдняў таму часовая камісія парлямэнту Літвы вырашыла, што дзеяньні Паксаса паставілі пад пагрозу нацыянальную бясьпеку Літвы. Абвінавачваньні супраць Паксаса яшчэ мусіць пацьвердзіць ці адкінуць Канстытуцыйны Суд Літвы. Суд цяпер разглядае прэзыдэнцкі ўказ аб наданьні літоўскага грамадзянства Юрыю Барысаву – спонсару прэзыдэнцкай кампаніі Паксаса. Літоўскія спэцслужбы кажуць аб далучнасьці Барысава да незаконнага гандлю зброяй ды арганізаванай злачыннасьці.
XS
SM
MD
LG