БРУСЭЛЬ. На саміце Эўрапейскага Зьвязу ўхвалена пагадненьне, якое пашырыць абарончыя магчымасьці дзяржаваў Эўразьвязу. У адпаведнасьці з пагадненьнем, пры сядзібе НАТО будзе створаны цэнтар эўрапейскіх сілаў хуткага рэагаваньня.
У цэнтры ўвагі брусэльскага саміту ў пятніцу заставаўся таксама праект канстытуцыі Эўразьвязу. Зважаючы на разыходжаньні ў пазыцыях шэрагу краінаў, прэм’ер-міністар Італіі Сыльвіё Бэрлюсконі дапусьціў, што прыняцьце эўрапейскай канстытуцыі можа быць адкладзенае да наступнага году.
Канстытуцыя мае рэгуляваць функцыянаваньне асноўных структур Эўрапейскага зьвязу пасьля яго пашырэньня ў траўні наступнага году.
Францыя й Нямеччына зацікаўленыя ў тым, каб уплыў на прыняцьце пастановаў Эўразьвязу залежаў ад колькасьці жыхароў краіны. Польшча й Гішпанія лічаць такі падыход несправядлівым ў дачыненьні да меншых дзяржаваў.