Лінкі ўнівэрсальнага доступу

[ 21:15 ]  Расея: вынікі й ацэнкі выбараў у Дзярждуму

МАСКВА. Перамогу на парлямэнцкіх выбарах у Расеі атрымала прапрэзыдэнцкая партыя “Единая Россия”. За яе прагаласавалі звыш 37 працэнтаў выбарнікаў. На другім месцы – камуністычная партыя, у якой блізка 13 працэнтаў галасоў. Пяціпрацэнтны бар’ер пераадолелі таксама лібэральна-дэмакратычная партыя й народна-патрыятычны блёк “Родина”. На выбарах у аднамандатных акругах таксама лідзіруе “Единая Россия” – яе кандыдаты перамагаюць у 105 акругах. Прэзыдэнт Пуцін высока ацаніў выбары, падкрэсьліўшы, што яны сталі крокам да памацненьня дэмакратыі ў краіне. Тым часам міжнародныя назіральнікі заявілі, што выбары ў Расеі не адпавядалі прынятым у сьвеце дэмакратычным стандартам. У заяве Арганізацыі бясьпекі й супрацоўніцтва ў Эўропе адзначана, што “ў часе перадвыбарчай кампаніі шырока выкарыстоўваўся рэсурс дзяржаўнага апарату й мэдыяў для забесьпячэньня перамогі найбольшай прапрэзыдэнцкай партыі. На думку назіральнікаў ад АБСЭ, выбары сьведчаць пра “рэгрэс дэмакратычных працэсаў у Расеі”. Пазьней сёньня адміністрацыя прэзыдэнта ЗША Джорджа Буша заявіла, што падзяляе занепакоенасьць АБСЭ што да справядлівасьці парлямэнцкіх выбараў у Расеі.
XS
SM
MD
LG