Лінкі ўнівэрсальнага доступу

[ 18:18 ]  Выніковы дакумэнт саміту АБСЭ ня быў прыняты


МААСТРЫХТ. Сёньня завяршылася канфэрэнцыя міністраў замежных справаў АБСЭ. Выніковы дакумэнт сустрэчы ня быў прыняты ў зьвязку з пратэстамі Расеі што да высноваў у пытаньнях сытуацыі ў Грузіі й Малдове. Старшыня АБСЭ міністар замежных справаў Нідэрляндаў Яап дэ Хоап Схэфэр заявіў, што па выніках саміту ён падрыхтуе сваю асабістую заяву, у якой будуць зьмешчаныя ўсе тыя высновы, супраць якіх выступала Расея. Дзяржсакратар ЗША Колін Паўэл сёньня заклікаў да міжнароднага ўдзелу ў вырашэньні малдоўска-прыднястроўскага канфлікту. Колін Паўэл выступіў на паседжаньні АБСЭ з заявай пра неабходнасьць істотнай ролі арганізацыі ў стварэньні міжнароднай кааліцыі ў малдоўска-прыднястроўскім пытаньні. У прыватнасьці, Колін Паўэл сказаў: “АБСЭ павінна адыгрываць істотную ролю ў стварэньні міжнародных стабілізацыйных сіл, а гэта неабходна зрабіць дзеля завяршэньня супрацьстаяньня. Міжнародныя сілы мусяць быць шматнацыянальныя, а іхная місія абмежаваная ў часе і мэтах”. Прынястроўе абвесьціла незалежнасьць ад Малдовы ў 1990 годзе. У 1992 годзе паміж Малдовай і Прыднястроўем пачаліся баявыя дзеяньні. Прысутнасьць расейскіх войскаў дапамагла скончыць вайну. Дагэтуль 2,5 тысячы расейскіх вайскоўцаў і вялікая колькасьць расейскай зброі знаходзяцца ў Прыднястроўі. Яап дэ Хоап Схэфэр заявіў, што большасьць, аднак, ня ўсе 55 сябраў АБСЭ падтрымалі прапанову што да мандату на дзейнасьць міжнародных міратворчых сіл ў Малдове. Колін Паўэл сёньня таксама заклікаў да вываду расейскіх войскаў з Грузіі. Дзяржсакратар ЗША сёньня сустрэўся з выконваючай абавязкі прэзыдэнта Грузіі Ніно Бурджанадзэ й выказаў сваю падтрымку новаму кіраўніцтву краіны.
XS
SM
MD
LG