БАГДАД. Учора ў ірацкім горадзе Самара адбыліся сутыкненьні амэрыканскіх салдатаў з паўстанцамі. Паводле зьвестак вайскоўцаў ЗША, забітыя 54 паўстанцы. Аднак згодна з інфармацыяй зь мясцовых бальніц, сярод ахвяраў і пацярпелых – толькі мірныя жыхары: восем забітых і звыш 60 параненых. Раней учора прадстаўнікі кааліцыйных войскаў паведамілі пра гібель аднаго салдата ЗША пры нападзе паўстанцаў на канвой у горадзе Эль-Хабанія за 80 кілямэтраў на захад ад Багдаду.
Таксама ўчора стала вядома імя новага старшыні Кіроўчай рады Іраку. На гэтую пасаду прызначаны Абдэль-Азіз аль Хакім, лідэр ірацкіх шыітаў.
Адміністрацыя ЗША зноў пацьвердзіла свой намер перадаць іракцам уладу ў краіне ў чэрвені наступнага году.
Тым часам, як вынікае з апублікаваных Міжнародным дасьледчым інстытутам у Оксфардзе зьвестак, 79 працэнтаў іракцаў ня маюць даверу да брытанскіх і амэрыканскіх сілаў.