КІШЫНЭЎ. Тысячы людзей удзельнічалі сёньня ў мірным маршы ў трэці дзень пратэстаў супраць прапанаванага Расеяй пляну малдоўска-прыднястроўскага ўрэгуляваньня. Дэманстранты выйшлі на вуліцы пасьля таго, як парлямэнт Малдовы адкінуў патрабаваньне апазыцыі трансьляваць па нацыянальным радыё дэбаты ў пытаньні ўрэгуляваньня прыднястроўскай сытуацыі. У аўторак прэзыдэнт Малдовы Ўладзімір Варонін адмовіўся падпісаць плян урэгуляваньня, матывуючы гэта тым, што прапанаваныя Расеяй міратворчыя захады не былі падтрыманыя Арга-нізацыяй бясьпекі й супрацоўніцтва ў Эўропе. Расейскі плян прадугледжвае пераўтварэньне Малдовы ў дэмілітарызаваную фэдэрацыю з шырокай аўтаноміяй для Прыднястроўя, а таксама захаваньне ў рэгіёне як мінімум на 15 гадоў дзьвюх тысяч расейскіх вайскоўцаў.