БАТУМІ, МАСКВА. У Аджарыі забаронена правядзеньне маніфэстацыяў, мітынгаў, абмежавана дзейнасьць палітычных арганізацыяў, уведзена цэнзура ў СМІ. Лідэр Аджарыі Аслан Абашыдзэ правёў сёньня сустрэчу з прэм’ер-міністрам Расеі Міхаілам Касьянавым. Абашыдзэ заявіў, што Аджарыя ня мае намеру аддзяляцца ад Грузіі. “Аджарыя гістарычна адстойвала цэласнасьць грузінскай дзяржавы й будзе стаяць на гэтым да канца”, – падкрэсьліў Абашыдзэ.
Найбліжэйшымі днямі на сустрэчах з расейскім кіраўніцтвам сытуацыю ў Грузіі абмяркуюць лідэр Паўднёвай Асэтыі Эдуард Какойта й прэм’ер Абхазіі Рауль Хаджымба. Напярэдадні міністар замежных справаў Расеі Ігар Іваноў заявіў, што Масква выступае за тэрытарыяльную цэласнасьць Грузіі.