БАГДАД. Учора ўвечары побач з домам аднаго зь ірацкіх лідараў у горадзе Рамадзі адбыўся выбух бомбы. Шэйх Амэр Алі Сулейман, лідар аднаго з асноўных суніцкіх плямёнаў, ня быў паранены. Ахвярай выбуху стала дзіця. Сулейман зьяўляецца сябрам гарадской Рады Рамадзі, гэтае мястэчка знаходзіцца ў гэтак званым "суніцкім трохкутніку". Тут адбываецца большасьць нападаў на амэрыканскіх вайскоўцаў. Учора амэрыканскія вайскоўцы затрымалі двух іракцаў, якіх падазраюць у намеры зьбіць ракетай самалёт альбо верталёт кааліцыі. Учора стала вядома пра выкарыстаньне амэрыканскімі войскамі 450-кіляграмовых бомбаў супраць аб’ектаў тэрарыстаў блізу гораду Кіркук.