РЫМ. Італьянскі прэзыдэнт Карла Кьямпі і дзясяткі тысячаў звычайных грамадзянаў выказалі свой смутак з нагоды гібелі суайчыньнікаў, якія сталі ахвярамі бомбавага нападу непадалёк ад ірацкага гораду Насырыя.
Даўгія чэргі людзей сабраліся сёньня ў цэнтры Рыму, ля мемарыялу Вітора Эмануіла, дзе знаходзіцца магіла невядомага салдату. Сюды для разьвітаньня з родзічамі, італьянскім урадам, суайчыньнікамі былі дастаўленыя зь Іраку 19 трунаў, драпаваных у нацыянальныя чырвона-бела-зялёныя сьцягі. Прэзыдэнт Кьямпі, які скараціў свой візыт у ЗША, аддаў першым даніну пашаны загіблым суайчыньнікам. Потым у цырымоніі разьвітаньня ўзялі ўдзел прэмьер Берлюсконі і болей за 60 тысячаў італьянцаў.