Бэлград Чарговы правал прэзыдэнцкіх выбараў у Сэрбіі стаў велізарным крокам назад – такое меркаваньне выказаў міністар замежных справаў Сэрбіі і Чарнагорыі Горан Сьвіланавіч. У выбарах, што адбыліся ўчора, узялі удзел каля 38% выбаршчыкаў. Паводле закону для сапраўднасьці вынікаў галасаваньня ў ім мусяць удзельнічаць ня меньш як 50% выбаршчыкаў. Амаль палова з тых, хто прыйшоў учора да выбарчых скрыняў, аддалі свае галасы Таміславу Нікалічу, кандыдату ад ультранацыяналістычнай Сэрбскай радыкальнай партыі, якая ў свой час была саюзьніцай прэзыдэнта Слабадана Мілошавіча.
Учорашнія прэзыдэнцкія выбары ў Сэрбіі сталі трэцяй на працягу году няўдалай спробаю абраць кіраўніка дзяржавы.