ВАШЫНГТОН. Прэзыдэнт Злучаных Штатаў Джордж Буш заявіў, што ягоная адміністрацыя хоча заахвоціць іракцаў браць больш актыўны ўдзел у кіраваньні сваёй краінай.
Паводле Буша, ён хацеў бы, каб ў Іраку было пашыранае самакіраваньне.
Дарадца прэзыдэнта ў справах нацыянальнай бясьпекі Кандаліза Райс адзначыла, што іракцы гатовыя ўзяць на сябе больш уладных паўнамоцтваў і ў больш кароткі тэрмін, чым меркавалася раней.
Паводле спадарыні Райс, цывільны адміністратар Іраку Пол Брэмэр цяпер разгялдае магчымасьці перадачы ўлады жыхарам Іраку яшчэ да часу, калі будзе ўхваленая новая канстытуцыя краіны.
Прамаўляючы ў гэтай справе дзяржсакратар ЗША Колін Паўэл сказаў:
(Паўэл) “Есьць сур’ёзныя падставы меркаваць, што працэс стварэньня новай канстытуцыі зацягнецца, бо спачатку трэба абраць людзей, якія будуць яе пісаць. Гэта забярэ шмат часу. Болей, чым можна чакаць да перадачы ўлады іракцам. Таму мы спрабуем высьвятліць, ці ёсьць альтэрнатыўны шлях, каб паскорыць гэты працэс.
Раней, ЗША адкіадалі магчымасьць перадачы ўлады іракцаў да моманту, пакуль Кіруючая Рада Іраку не напіша канстытуцыю і не правядзе дэмакратычныя выбары.