БАГДАД. Некалькі ракетаў узарваліся каля комплексу будынкаў у ірацкай сталіцы, дзе месьціцца амэрыкана-брытанская адміністрацыя.
У выніку абстрэлу былі пашкоджаныя некалькі аўтамабіляў. Ніякай інфармацыі пра ахвяры няма.
Як раз у гэты час цывільны адміністратар Іраку Пол Брэмэр выехаў у Вашынгтон, дзе сустрэўся з дзяржсакратаром Колінам Паўэлам, міністрам абароны Доналдам Рамсфэлдам і дарадцам прэзыдэнта ў справах нацыянальнай бясьпекі Кандалізай Райс.
Між тым амэрыканскае вайсковае камандаваньне заявіла, што колькасьць нападаў на акупацыйныя войскі кааліцыі ў Іраку дасягнула 30-ці цягам месяцу.
Паводле амэрыканскага генерала Рыкарда Санчэза, войска ЗША знаходзіцца ў даволі напружанай сытуацыі і не будзе вагацца каб ужыць супраць замахоўцаў усе магчымыя віды зброі.
Учора, у часе сьвяткаваньня ў ЗША Дню Вэтэранаў, прэзыдэнт Джордж Буш сказаў, што жаўнеры, якія загінулі ў Афганістане і Іраку аддалі свае жыцьці за “добрую і справядлівую справу”.