МЕНСК
Сёньня ўвечары з-за кратаў спецпрыёмніка-размеркавальніка быў вызвалены лідар партыі працы Аляксандр Бухвостаў. Аляксандр Бухвостаў паведаміў Радыё Свабода, што за 10 сутак арышту ён упершыню выйшаў на сьвежае паветра. На ўмовы ўтрыманьня прафсаюзны лідар ня скардзіцца, ён паведаміў, што разам зь ім у камеры сядзелі яшчэ 5 чалавек, арыштаваных за дробнае хуліганства. Нагадаем, кіраўніка прафсаюзаў аўтамабільнай прамысловасьці і сельскагаспадарчага машынабудаваньня арыштавалі за пікет у абарону правоў працоўных на Кастрычніцкай плошчы ў Менску 30 кастрычніка. Гэтая акцыя грамадзянскага непадпарадкаваньня цягнулася літаральна 5 хвілінаў. Бухвостаў паведаміў, што бліжэйшым часам будзе ладзіць новую вулічную акцыю. Гэткім чынам ён разьлічвае прыцягнуць увагу грамадзкасьці да парушэньня правоў працоўных і дыскрымінацыі прафсаюзнага руху.