ТБІЛІСІ. Цэнтральная выбарчая камісыя Грузіі паведаміла, што паводле папярэдніх вынікаў учорашніх парляманцкіх выбараў, блёк цяперашняга прэзыдэнта краіны Эдуарда Шэварнадзэ атрымаў каля 24% галасоў, а апазыцыйная партыя “Нацыянальны рух” – 22%.
На трэцім месцы з 15-цю адсоткамі галасоў – Лейбарысцкая партыя, а апазыцыйны блёк “Бурджанідзэ-дэмакраты” мае чацьверты вынік – 9,5% галасоў.
Прэзыдэнт грузіі заявіў, што выбары былі празрыстымі, а іх вынікі адлюстроўваюць палітычную сытуацыю ў краіне.
(Шэварнадзэ) “Можна ўжо сказаць, што новы склад парляманту ў большай ці меншай ступені адлютроўвае палітычны спэктар Грузіі. Шырокае ў ім прадстаўніцтва розных палітычных сілаў і наяўнасьць значнай колькасьці дасьведчаных дэпутатаў дае падставы спадзявацца, што парлямант будзе надаваць больш увагі заканадаўчай дзейнасьці”.
Між тым грузінская апазыцыя ўжо абвінаваціла ўлады ў фальсыфікацыі вынікаў выбараў.
Назіральнікі Арганізацыі ў Бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе заявілі, што ў часе выбараў былі заўважаныя шэраг значных арганізацыйных памылак. У прыватнасьці, некаторыя ўчасткі для галасаваньня былі ўвогуле зачыненыя.